
«Коласаўцы»: Юрась Цвірка
- Details
- Створана 12.02.2026 13:02
У Віцебскай абласной бібліятэцы стартаваў праект «Коласаўцы», прысвечаны 100-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Першай падзеяй цыкла стала творчая сустрэча з артыстам драмы, вядучым майстрам сцэны Юрасём Цвіркам, якая прайшла 10 лютага.
За шматгадовую працу Юрый Браніслававіч удастоены высокіх узнагарод. Гэта медаль Францыска Скарыны, нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», Ганаровая грамата і Грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Падзяка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
На IX рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў акцёр атрымаў дыплом «За лепшае выкананне мужчынскай ролі другога плана» за вобраз бацькі Алены ў фільме «Кіношнікі».
Сёння тэатр імя Якуба Коласа немагчыма ўявіць без Юрася Цвіркі. На яго рахунку – сто пятнаццаць роляў, кожная з якіх пакінула яркі след у памяці гледачоў. Вядучы рэдактар тэатра Алесь Замкоўскі зазначыў, што артыст аднолькава бліскуча працуе ў камедыйных і драматычных жанрах. Сярод яго выдатных вобразаў – Макбет, Ларэнца і многія іншыя.
На сустрэчы Юрась Цвірка падзяліўся ўспамінамі аб пачатку творчага шляху, любімых ролях, кур'ёзных выпадках і рабоце ў кіно. Яго выступленне было яркім, эмацыйным, у ім было не толькі шмат гумару, цікавых гісторый, але і лірычнасці. Госці ўбачылі відэазапісы са спектакляў і кінафільма, слайды са шматлікімі вобразамі герояў спектакляў, увасобленых артыстам.
Аб сумеснай рабоце з Юрыем Браніслававічам гаварылі мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў, артыст драмы, вядучы майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, артыст драмы, вядучы майстар сцэны Ніна Обухава.
Святлана Дашкевіч, якая шмат гадоў працавала ў тэатры загадчыкам літаратурнай часткі, прачытала свой верш, складзены з назваў спектакляў, у якіх удзельнічаў Юрась Цвірка.
Гледачы доўга не адпускалі любімага артыста, абяцаючы прыйсці на новыя пастаноўкі тэатра з яго ўдзелам.


































