
«Я слова роднае лаўлю...»: літаратурны вечар да Міжнароднага дня роднай мовы і агульная дыктоўка
- Details
- Створана 20.02.2026 15:00
Святочная літаратурная імпрэза «Я слова роднае лаўлю...», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, і традыцыйная агульная дыктоўка адбыўся ў бібліятэцы 19 лютага.
Падзея аб'яднала школьнікаў, студэнтаў і творчую інтэлігенцыю Віцебска ў любові да роднага слова.
Праграму адкрыла загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова. Прагучаўшыя ў яе выкананні радкі Анатоля Канапелькі «Я слова роднае лаўлю...» задалі тон усёй сустрэчы. Гасцям таксама нагадалі пра гісторыю свята, якое штогод падкрэслівае важнасць захавання моўнай разнастайнасці.
Вечарына атрымалася па-сапраўднаму мультыкультурнай і дынамічнай дзякуючы яскравай тэматычнай праграме, якую прадставілі навучэнцы Гімназіі № 7 г. Віцебска імя П. Я. Кандраценкі Дамір Ціхаміраў, Данііл Гарошка і Ніка Міклашэўская пад кіраўніцтвам настаўніка Галіны Мароз.
Студэнты Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» Міраслаў Яленскі, Ілля Прэснякоў, Дзіяна Шамкова і выкладчыца Таццяна Дубоўская прачыталі свае любімыя паэтычныя творы.
Сапраўдным упрыгожаннем вечарыны стаў верш Максіма Багдановіча «Зорка Венера», які студэнт Харыс Аль-Тае пранікнёна прачытаў на арабскай мове.
Чытачка бібліятэкі Галіна Сінякова (аўтар знакамітай песні «Люблю Беларусь» з рэпертуару ансамбля «Сябры») прадставіла гасцям уласны верш аб родным краі.
Музычны настрой стварыла Марына Пагарэльская, навучэнка Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, выканаўшы песню «Беларусь».
Візуальным дадаткам свята стала выстава «Энергія роднай мовы ў плакаце» – праект кафедры дызайну ВДТУ, які выклікаў жывую цікавасць ва ўсіх прысутных.
Кульмінацыяй сустрэчы стала праверка пісьменнасці. Удзельнікі вечарыны далучыліся да напісання традыцыйнай агульнай дыктоўкі, пацвердзіўшы, што родная мова – гэта не толькі культурная спадчына, але і жывы інструмент зносін.


































