
«Жанчына – душа Беларусі»: Міжнародны дзень роднай мовы ў Віцебскай абласной бібліятэцы
- Details
- Створана 20.02.2026 14:30
Тэматычная дыктоўка «Жанчына – душа Беларусі» прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна 20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы.
Мерапрыемства, арганізаванае аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці, сабрала ў сценах бібліятэкі старшакласнікаў гімназіі № 1 г. Віцебска імя Ж. І. Алфёрава. Выбар тэмы дыктоўкі не выпадковы: яна прымеркавана да аб'яўленага ў краіне Года беларускай жанчыны.
Родная мова – гэта не проста інструмент зносін, а генетычны код нацыі, захавальнік нашых традыцый і гісторыі. Праз тэкст дыктоўкі навучэнцы змаглі дакрануцца да глыбокага вобраза беларускай жанчыны, яе ролі ў станаўленні культуры і грамадства.
Гімназісты з цікавасцю і адказнасцю падышлі да напісання дыктоўкі, дэманструючы свае веды і павагу да роднай мовы. Мерапрыемства прайшло ў прыязнай і натхняльнай атмасферы, што садзейнічала не толькі павышэнню ўзроўню пісьменнасці, але і ўмацаванню пачуцця гонару за сваю краіну і яе культуру.
Такое ўзаемадзеянне паміж бібліятэкай і адукацыйнымі ўстановамі садзейнічае развіццю цікавасці да беларускай мовы і культуры сярод моладзі.
Віцебская абласная бібліятэка працягвае актыўна працаваць над папулярызацыяй роднай мовы і культурных каштоўнасцяў, запрашаючы ўсіх жадаючых далучыцца да акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё», прысвечанай гэтай важнай тэме.


































