
XXIV абласныя Срэценскія чытанні: адукацыя і духоўнасць
- Details
- Створана 24.02.2026 12:40
У рамках XXIV абласных Срэценскіх чытанняў 19 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылося мерапрыемства «Адукацыя і духоўнае развіццё: педагагічныя стратэгіі ўстойлівай будучыні».
Мадэратарамі сустрэчы выступілі Вольга Камендантава, намеснік дырэктара абласной бібліятэкі, і Алена Бабіч, метадыст аддзела інфармацыйна-аналітычнай работы цэнтра выхаваўчай, ідэалагічнай, сацыяльна-педагагічнай, інфармацыйна-аналітычнай работы і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
У рамках секцыі 2 «Бібліятэка як цэнтр грамадзянскай і культурнай актыўнасці» прайшла дыскусія, прысвечаная ролі бібліятэк у развіцці грамадзянскай адказнасці і духоўных каштоўнасцей.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў секцыйнага пасяджэння звярнуўся іерэй Віктар Гляд, старшыня аддзела сацыяльнага служэння і дабрачыннасці Віцебскай епархіі, які зачытаў пасланне архіепіскапа Дзімітрыя, кіраўніка Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Вольга Камендантава падкрэсліла актуальнасць тэмы і прадставіла найбольш значныя мерапрыемствы і праекты, рэалізаваныя абласной бібліятэкай у 2025 годзе ў сферы духоўна-асветніцкай дзейнасці.
Удзельнікі секцыі азнаёміліся з асветніцка-адукацыйнымі праектамі, уключаючы даклад Кацярыны Папяленка, старшага выкладчыка Віцебскай духоўнай семінарыі, пра 220-годдзе Віцебскай духоўнай семінарыі і яе гістарыяграфію. Таццяна Петухова, намеснік загадчыка ДУА «Дзіцячы сад № 106 г. Віцебска», прадставіла праект «Міні-музей ва ўстанове дашкольнай адукацыі: інтэгратыўны падыход да фарміравання духоўна-маральнай і патрыятычнай культуры выхаванцаў».
Цікавасць выклікаў даклад Ірыны Цеславай, бібліятэкара Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа, на тэму «Музей каледжа – цэнтр выхавання духоўнасці і патрыятызму». Таццяна Пасюк, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Падсвільская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна імя Героя Савецкага Саюза П. М. Казлова», у сваім выступленні акцэнтавала ўвагу на важнасці практычнай работы з навучэнцамі праз турысцка-краязнаўчую і праектна-даследчую дзейнасць.
Яўген Агей, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства ДУА «Верхнядзвінская гімназія імя І. А. Макеенка», падзяліўся досведам працы па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні моладзі ў раённым ваенна-марскім музеі.
З цікавасцю ўдзельнікі слухалі даклад Іны Волкавай, загадчыка бібліятэкі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, на тэму «Штучны інтэлект і дыстанцыйнае навучанне як аснова духоўнага, маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі».
Да работы секцыі ў анлайн-фармаце падключылася Наталля Вырвіч, педагог дадатковай адукацыі ГУДА «Талачынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі», якая ў сваім дакладзе «Хрысціянскія асновы сям'і» прадэманстравала, як хрысціянскі падыход можа дапамагчы ў стварэнні моцнай і гарманічнай сям'і ва ўмовах сучаснага крызісу традыцыйных каштоўнасцей.
Мерапрыемства ў абласной бібліятэцы падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва прадстаўнікоў адукацыйных і царкоўных устаноў у фарміраванні духоўных і культурных каштоўнасцей у грамадстве.


































