
Воінская слава на ўсе часы: у бібліятэцы прайшоў музычна-літаратурны вечар
- Details
- Створана 27.02.2026 13:31
Музычна-літаратурная кампазіцыя «Воінская слава на ўсе часы» адбылася 26 лютага ў аддзеле літаратуры па мастацтве ў рамках бібліятэчнага праекта «Музыка для ўсіх».
Мерапрыемства стала данінай памяці тым, хто з гонарам выконваў свой воінскі абавязак, тым, хто праявіў мужнасць і самаахвярнасць удалечыні ад роднай зямлі.
Кампазітар Аляксандр Іваноў прадставіў і выканаў свае творы на вершы Мікалая Рубцова, Ніны Тувальскай і Мікалая Калупаева. Кожная кампазіцыя была прасякнута глыбокімі эмоцыямі і шчырасцю, любоўю да Радзімы.
Музычныя блокі суправаджаліся цікавымі фактамі і кранальнымі гісторыямі з жыцця родных і блізкіх аўтара, што зрабіла атмасферу вечарыны асабліва давернай.
Вечарыну ўпрыгожылі выступленні педагога па тэатральных дысцыплінах Ганны Аляксандраўны Евушкі і навучэнкі тэатральнага аб'яднання Дзіцячай школы мастацтваў № 2 г. Віцебска Ірыны Свістуновай. У іх выкананні прагучалі вершы Роберта Раждзественскага, Віктара Верстакова і Юліі Евушкі, напоўненыя болем страт і верай у мірную будучыню.
Музычны вечар «Воінская слава на ўсе часы» стаў яскравым напамінам пра тое, што подзвігі нашых продкаў жывуць у стагоддзях. Мы дзякуем усім, хто правёў гэты асаблівы вечар з намі!


































