
Сімфонія фарбаў і пачуццяў: пра што расказваюць партрэты «Пяшчоты новай вясны»
- Details
- Створана 04.03.2026 13:16
Натхняльны выставачны праект «Пяшчота новай вясны», прымеркаваны да Дня жанчын і Года беларускай жанчыны, аб'яднаў у абласной бібліятэцы таленты розных пакаленняў.
У фае 2-га і 3-га паверхаў можна ўбачыць творы студэнтаў і выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, а таксама юных талентаў з Дзіцячай мастацкай школы горада Віцебска. Творчыя знаходкі аўтараў уражваюць разнастайнасцю тэхнік і стылістычных рашэнняў: ад вытанчанай графікі і акварэльнай пяшчоты да адважных дызайнерскіх эксперыментаў з фактурай і тыпаграфікай. Кожная работа – гэта не проста віншаванне, а ўнікальны арт-аб'ект, дзе класічныя вясновыя вобразы пераасэнсаваны праз прызму сучаснага візуальнага мастацтва, дэманструючы высокі ўзровень майстэрства і свежы погляд таленавітых дызайнераў і мастакоў.
Удзельнікі народнай студыі мастакоў-аматараў «Контур» Культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"» прадставілі серыю жаночых партрэтаў. Гледзячы на гэтыя работы, глядач апускаецца ў атмасферу вясновага абуджэння, дзе выразнасць і яркасць колераў пераплятаюцца з цеплынёй чалавечых адносін і расказваюць гісторыі, поўныя жыцця і натхнення.
Выстава «Пяшчота новай вясны» – гэта магчымасць дакрануцца да мастацтва, адчуць яго магію і натхненне, якое дораць таленавітыя мастакі.
Падрыхтаваная аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці экспазіцыя будзе працаваць да 9 сакавіка.


































