
Мост памяці: у Віцебскай абласной бібліятэцы стартаваў міжнародны праект «Валгаград – Віцебск: памяць пакаленняў»
- Details
- Створана 13.03.2026 12:02
Урачыстае адкрыццё праекта «Валгаград – Віцебск: памяць пакаленняў», які аб'яднаў два гарады-героі і дзве краіны ў імкненні захаваць праўду пра Вялікую Айчынную вайну, адбылося 12 сакавіка ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна.
З прывітальным словам да гасцей звярнуліся кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска Аляксандр Сысоеў, дырэктар Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Аляксандр Кароль, кіраўнік сацыяльных праектаў ФК «МЛ Віцебск» Валянцін Клюшын.
У фармаце відэазвароту гасцей прывітаў дырэктар Дзяржаўнага архіва Валгаградскай вобласці Аляксандр Каламыткін.
Праект «Валгаград – Віцебск: памяць пакаленняў» – гэта вынік маштабнага супрацоўніцтва Дзяржаўных архіваў Віцебскай і Валгаградскай абласцей. Увесь 2026 год будзе прысвечаны глыбокаму вывучэнню лёсаў герояў, якія змагаліся ў Сталінградскай бітве і вызвалялі Віцебск.
Галоўная місія ініцыятывы – перадаць моладзі не проста сухія факты з падручнікаў, а жывую гісторыю подзвігу, выхаваць пачуццё гонару за продкаў і ўсведамленне крохкасці мірнага жыцця.
На адкрыцці сабраліся тыя, хто справай даказвае важнасць захавання гістарычнай памяці: прадстаўнікі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска, супрацоўнікі музеяў, архівісты, бібліятэкары і грамадскія дзеячы.
Паказ хроніка-дакументальнага фільма «Гісторыя Вялікай Перамогі», падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, дазволіў літаральна ўбачыць вайну вачыма відавочцаў.
Банерныя выставы «Варонка ў варонку, выдзеўбаная і перакручаная гэтая зямля...» і «Летам 1944-га» заснаваны на ўнікальных архіўных дакументах і газетных публікацыях 1944 года. На выставах наведвальнікі змаглі прасачыць шлях Віцебска ад першых дзён вызвалення да гераічнага пасляваеннага аднаўлення.
Кульмінацыяй вечара стала канцэртная праграма – сапраўднае тэатралізаванае паглыбленне ў эпоху, якое адкрыў цудоўны дуэт супрацоўніка ААТ «Белаграпрамбанк» Сяргея Дмітрачэнкі і Яніны Шпунтавай, музычнага кіраўніка ДУА «Дзіцячы сад № 11 г. Вицебска».
Навучэнцы віцебскіх гімназій № 2 і № 4 імя М. І. Дзенісенкі, сярэдніх школ № 2 імя Ф. Ц. Блахіна і № 17 імя І. Р. Бумагіна падрыхтавалі кранальныя сольныя выступленні: пранізлівае выкананне песень ваенных гадоў нагадала аб надзеі і каханні.
Тэатралізаваныя пастаноўкі юных артыстаў праз харэаграфію і мізансцэны перадалі драматызм развітанняў, цяжар баявых будняў і радасць Перамогі.
Удзел моладзі ў канцэрце стаў жывым сімвалам таго, што памяць аб мужнасці салдат і працаўнікоў тылу жывая і сёння.
Праект «Валгаград – Віцебск: памяць пакаленняў» – гэта доўгатэрміновая работа па абароне гістарычнай праўды. Наперадзе ўдзельнікаў чакаюць новыя сустрэчы, даследаванні і конкурс, якія дапамогуць умацаваць сувязь паміж пакаленнямі і гарадамі, якія аб'яднаны агульнай вялікай гісторыяй.


































