
Гісторыя пошуку: у Віцебскай абласной бібліятэцы прэзентавалі кнігу «Сберегающие память поколений»
- Details
- Створана 25.03.2026 15:26
Прэзентацыя першай часткі кнігі «Сберегающие память поколений», аўтары якой – Ларыса Бруева, Уладзімір Цярэшчанка і Марына Фралова, прайшла ў бібліятэцы 24 сакавіка.
Гэта выданне прысвечана важнай тэме пошукавага руху на Віцебшчыне і сумеснай работы пошукавікаў Беларусі і Расіі па аднаўленні і захаванні памяці пра людзей, якія загінулі і прапалі без вестак падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Кніга ўключае ў сябе падрабязныя звесткі аб баях Заходняга фронту ў перыяд з восені 1943 года па вясну 1944 года, а таксама аб падзеях, звязаных з вызваленнем Віцебска. У ёй прадстаўлены выпіскі з часопісаў баявых дзеянняў, карты, схемы і мноства фотаздымкаў, якія дазваляюць глыбей зразумець гісторыю гэтых мясцін.
Падчас прэзентацыі Ларыса Бруева нагадала аб пачатку пошукавага руху на Віцебшчыне і аб тых, хто стаяў ля яго вытокаў. Сын Віктара Дзям'янавіча Цярэшчанкі, стваральніка воінскага мемарыяла імя Ленінскага камсамола ў аграгарадку Копці, расказаў пра яго ўклад у справу захавання памяці. Дзмітрый Сідараў, дызайнер кнігі і кіраўнік будаўніцтва мемарыялаў «На плацдарме Новікі», «Адаменская горка», помніка на месцы палявога шпіталя ў в. Альховік, а таксама Святлана Камагорцава, кіраўнік клуба «Разведчыкі воінскай славы», падзяліліся ўспамінамі аб сваім удзеле ў Вахтах Памяці ў гэтых мясцінах.
Выступленне Анатоля Бурдо, кіраўніка Народнага музея 251-й Віцебскай стралковай дывізіі, быў прысвечаны баям ля ракі Лучоса і вёскі Шаркі. Таксама на мерапрыемстве выступілі Канстанцін Скарадзіхін, намеснік кіраўніка міжнароднай пошукавай праграмы «Чтим и Помним», настаўнік гісторыі, кіраўнік пошукавага атрада «Громаўцы» СШ № 40 г. Віцебска імя М. М. Громава Аляксандр Голубеў і член пошукавага атрада Віктар Родзін, выкладчык Віцебскага кадэцкага вучылішча, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар, член савета Народнага музея 39-й Арміі гімназіі № 5 г. Віцебска імя І. І. Люднікава Іван Навіцкі, загадчык аддзела краязнаўства, вядучы мерапрыемства Ларыса Рагачова.
Прэзентацыя сабрала актывістаў пошукавага руху, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, прадстаўнікоў устаноў адукацыі Віцебска, Бешанковіцкага, Віцебскага, Лёзненскага раёнаў. Кніга «Сберегающие память поколений», была перададзена аўтарамі ў навучальныя ўстановы Віцебшчыны, каб захаваць памяць аб гераічных падзеях для будучых пакаленняў.


































