
Творчая сустрэча да 105-годдзя выдавецтва «Беларусь»
- Details
- Створана 02.04.2026 11:40
Творчая сустрэча, прымеркаваная да знакавай даты – 105-годдзя выдавецтва «Беларусь», прайшла ў абласной бібліятэцы 31 сакавіка.
У ёй прынялі ўдзел дырэктар выдавецтва «Беларусь», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, пісьменніцы Іна Фралова і Галіна Загурская.
Алесь Карлюкевіч расказаў пра новыя кнігі выдавецтва. Гэта выданні, якія ўжо прыцягнулі ўвагу чытачоў: «Разам! Вялікая Перамога!», «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў». Таксама ён нагадаў пра героя сваіх дзіцячых кніг Шубуршуна і распавёў пра працяг ягоных вандровак, якія адбываюцца ў новай кнізе «Шубуршун шукае чыстую ваду».
Іна Фралова – пісьменнік, перакладчык, лаўрэат Еўразійскай літаратурнай прэміі, аўтар кніг для дзяцей і дарослых. У Віцебску Іна Мікалаеўна выступала ўпершыню, чытала свае вершы, расказала аб складанні зборнікаў для чытання маленькімі беларусамі, аб плённым супрацоўніцтве з віцебскім кампазітарам Аляксандрам Івановым.
Галіна Загурская вядома чытачам з Віцебшчыны як лаўрэат абласных літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і імя Петруся Броўкі. Творы паэткі ўключаны ў зборнікі «Родны край – наша сонца» і «Каго баіцца зубр?», што выйшлі не так даўно ў выдавецтве «Беларусь». Галіна Пятроўна прачытала вершы, прысвечаныя жанчынам, расказала пра свае новыя кнігі, з якімі часта выступае ў навучальных установах.
Сустрэча стала сапраўдным падарункам для аматараў кнігі, аб'яднаўшы аўтараў і чытачоў вакол агульнай гісторыі беларускага кнігадрукавання.


































