
Вечар-прэзентацыя «Крыніца натхнення – Пастаўшчына». Прэзентацыя кніжнай выставы «Зямля, што дадзена нам лёсам»
- Details
- Створана 07.04.2026 16:03
У 2026 годзе Паставы ў цэнтры ўвагі ўсёй Беларусі як культурная сталіца краіны.
Пачэсны статус нададзены гораду нездарма: гэтаму спрыялі багатыя традыцыі, адметная культурная спадчына, унёсак ураджэнцаў Пастаўшчыны ў развіццё нашай краіны. Віцебская абласная бібліятэка як і іншыя ўстановы культуры вобласці не засталася ў баку ад гэтай падзеі.
3 красавіка загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова прыняла ўдзел у прэзентацыі кніжнай выставы «Зямля, што дадзена нам лёсам» і вечары-прэзентацыі «Крыніца натхнення – Пастаўшчына» у рамках правядзення рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца года» ў горадзе Паставы.
На кніжнай выставе, наладжанай Віцебскай абласной і Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкамі, былі прадстаўлены кнігі, якія расказваюць пра Пастаўшчыну ад сівых стагоддзяў да сённяшняга дня, пра знакамітых людзей гэтага краю.
Працягам размовы ля выставы стала сустрэча, у якой прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, вучні. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў прадставіў увазе землякоў кнігу «Беларуская мова ад А да Я», адным з аўтараў якой ён з'яўляецца. Настаўнік, краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ігар Пракаповіч расказаў як пра свае выданні, што былі адзначаны літаратурнымі прэміямі, так і пра зусім новыя кнігі. З натхненнем чыталі свае творы члены аматарскага літаратурнага аб'яднання «Світанак» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.
Вядучая сустрэчы Ларыса Рагачова і вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Бараноўскі адзначылі, што Пастаўшчына натхніла і працягвае натхняць на творчасць, на пошукі і знаходкі як ураджэнцаў краю, так і многіх літаратараў, краязнаўцаў, даследчыкаў.


































