
«Кожная пятніца – роднае, сваё!»: падарожжа па беларускіх казках
- Details
- Створана 10.04.2026 14:23
У рамках традыцыйнага бібліятэчнага праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё!» 10 красавіка супрацоўнікі аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці запрасілі выхаванцаў цэнтра дашкольнага выхавання ў захапляльны тур па «Чароўнай краіне казак».
Гэтыя сустрэчы дапамагаюць маленькім грамадзянам дакрануцца да жывой спадчыны продкаў праз роднае слова. Дзеці пагрузіліся ў свет народных казак, дзе іх чакалі самыя розныя героі: падступная Баба-яга, загадкавы Лесавік і цудоўная залатая яблынька.
Праграма была насычанай і не давала сумаваць ні хвіліны: рабяты адгадвалі назвы казак па ілюстрацыях і пазнавалі любімых герояў па іх апісанні, збіралі цэлыя карціны з разрозненых кавалачкаў, схаваных у канвертах, успаміналі і пазнавалі новыя ветлівыя словы на беларускай мове, а актыўная фізкультхвілінка дапамагла набрацца сіл для новых адкрыццяў.
У фінале сустрэчы кожны ўдзельнік адчуў сябе майстрам, зрабіўшы сваімі рукамі Казу – гераіню вядомай беларускай казкі «Каза-манюка».
Завяршылася мерапрыемства сумленным галасаваннем. Дзеці ацэньвалі работу вядучых з дапамогай колераў: сінія і белыя пялёсткі ў руках дзяцей сталі лепшым пацверджаннем таго, што вандраванне атрымалася на славу!


































