
Юбілей мэтра і 90-я кніга: у бібліятэцы прайшлі «Краязнаўчыя сустрэчы» з Аркадзем Падліпскім
- Details
- Створана 14.04.2026 13:46
У рамках праекта «Краязнаўчыя сустрэчы» 9 красавіка Віцебская абласная бібліятэка стала цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто закаханы ў гісторыю роднага краю.
Нагода была падвойная: 80-гадовы юбілей знакамітага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага і прэзентацыя яго новай кнігі.
Сустрэча прайшла ў надзіва цёплай атмасферы. Дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян ад імя ўсяго калектыву павіншавала юбіляра, падкрэсліўшы яго неацэнны ўклад у захаванне гістарычнай памяці горада. Асаблівым падарункам стаў падрыхтаваны супрацоўнікамі бібліяграфічны паказальнік «Аркадзь Падліпскі»: гэта фундаментальная праца, якая ўключае больш за дзве тысячы запісаў аб публікацыях і работах аўтара.
Да віншаванняў далучыліся калегі з Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, уручыўшы імянінніку набор унікальных паштовак, а таксама шматлікія сябры, аднадумцы і адданыя чытачы.
Цэнтральнай падзеяй вечара стала прэзентацыя 90-й кнігі аўтара – «Трагічны лёс Уладзіміра Стукаліча». Аркадзь Міхайлавіч падзяліўся падрабязнасцямі шматгадовага даследавання, расказаў аб карпатлівай рабоце з архіўнымі дакументамі і нечаканых знаходках, якія дапамаглі аднавіць гісторыю жыцця нашага земляка, вядомага грамадскага дзеяча і літаратара.
Дзевяноста кніг – гэта цэлы летапіс Віцебшчыны, створаны адным чалавекам. Нягледзячы на салідны юбілей, Аркадзь Падліпскі працягвае актыўны пошук, даказваючы, што гісторыя роднага горада тоіць у сабе яшчэ нямала адкрыццяў.


































