
Чарнобыль: ад адраджэння да стабільнага развіцця
- Details
- Створана 16.04.2026 15:18
Прайшло 40 гадоў пасля найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы, якая ўзрушыла ўвесь свет, калі амаль чвэрць тэрыторыі Беларусі, на якой пражывала пятая частка насельніцтва краіны, аказалася забруджана радыёнуклідамі.
Чатыры дзесяцігоддзі дзяржаўная палітыка нашай краіны накіравана на зніжэнне радыяцыйнай рызыкі для здароўя людзей, гарантаванне бяспекі іх жыццядзейнасці.
У Віцебскай абласной бібліятэцы на працягу красавіка адбудуцца сацыякультурныя і інфармацыйныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Асноўныя тэзісы ў рамках Адзінага дня інфармавання на тэму «Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця» размешчаны на відэапанэлі ў фае першага паверха.
Кніжныя выставы падрыхтаваныя і размешчаныя ў аддзелах прававой інфармацыі і электронных рэсурсаў, абанемента, краязнаўства, дзіцячым аддзеле і агульнай чытальнай зале. У перыядычных выданнях можна прасачыць этапы пераадолення трагічных падзей і іх наступстваў, азнаёміцца з хронікай ліквідацыі аварыі, мерамі па аднаўленні пацярпелых тэрыторый і лёсамі ўдзельнікаў гэтых падзей. У фотаальбомах адлюстраваны кадры як самога чацвёртага рэактара, так і жыцця людзей, якія апынуліся ў зоне адчужэння, іх эвакуацыі і далейшай адаптацыі да новых умоў. Творы беларускіх пісьменнікаў расказваюць гісторыі людзей і іх малой радзімы пасля аварыі, паказваюць мужнасць і стойкасць перад тварам нябачнай пагрозы.
Вядучы бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы Наталля Фенчанка падрыхтавала бібліяграфічны спіс «Чернобыль: взгляд через года». У дапаможніку прадстаўлена інфармацыя пра выданні з фондаў Віцебскай абласной бібліятэкі, якія адлюстроўваюць маштаб і наступствы надзвычайнага здарэння на Чарнобыльскай АЭС, а таксама ўклад ліквідатараў у мінімізацыю разбуральнага радыяцыйнага ўздзеяння.
Бібліятэкары дзіцячага і юнацкага аддзелаў правядуць серыю экаўрокаў «Чарнобыль: зона адчужэння» для вучняў сярэдняй школы № 46 г. Віцебска імя І. Х. Баграмяна і сярэдняй школы № 47 г. Віцебска імя Я. Ф. Іваноўскага пра адраджэнне тэрыторый Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія пацярпелі ад радыяцыі.


































