
У Віцебскай абласной бібліятэцы прадставілі ўнікальныя выданні па гісторыі Прыдзвінскага краю
- Details
- Створана 25.04.2026 09:35
У рамках праекта «Краязнаўчыя сустрэчы» ў абласной бібліятэцы прайшла прэзентацыя серыі кніг, якія раскрываюць малавядомыя старонкі гісторыі Бешанковіцкага і Чашніцкага раёнаў.
Галоўнымі героямі сустрэчы 23 красавіка сталі даследчыкі, чыя праца легла ў аснову новых краязнаўчых выданняў. Цэнтральнае месца ў прэзентацыі заняла кніга «Яны кіравалі Бешанковіччынай», напісаная вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, Аляксандрам Бараноўскім і вядучым архівістам Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Антонам Юпатавым.
Аўтары падзяліліся з гасцямі ўнікальнымі знаходкамі, выяўленымі падчас працы над кнігай. Выданне аднаўляе біяграфіі кіраўнікоў Бешанковіцкага раёна, паказваючы гісторыю краю праз прызму лёсаў людзей, якія прымалі ключавыя рашэнні на працягу стагоддзя.
За высокі прафесіяналізм, глыбокую даследчую работу і стварэнне ўнікальнага выдання Аляксандр Бараноўскі і Антон Юпатаў былі ўдастоены Падзяк Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў. Узнагароды ўручыў старшыня Савета Аляксандр Ерашоў.
Удзельнікам сустрэчы прадставілі яшчэ два важныя зборнікі з серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» – «Чашніцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна» і «Гістарычнае краязнаўства Беларусі».
Аляксандр Бараноўскі падкрэсліў, што ў гэтых зборніках сабраны даклады як прафесійных вучоных, так і краязнаўцаў-аматараў, што дае магчымасць зірнуць на гісторыю Віцебшчыны максімальна аб'ёмна.
Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Юрчак адзначыў высокую навуковую і грамадскую значнасць новых кніг. Па словах эксперта, такія выданні не проста папаўняюць бібліятэчныя фонды, але маюць практычнае значэнне ў захаванні гістарычнай памяці жыхароў Прыдзвінскага краю.
Важнасць сустрэчы для рэгіянальнай супольнасці адзначылі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама Вольга Фіешка і старшы навуковы супрацоўнік Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Леаненка.
Новыя выданні даступны ў аддзеле краязнаўства абласной бібліятэкі для ўсіх, хто шчыра цікавіцца гісторыяй Віцебшчыны.


































