
Салодкая гісторыя: у бібліятэцы адзначылі Міжнародны дзень перніка
- Details
- Створана 28.04.2026 14:35
Незвычайнае і «смачнае» мерапрыемства – тэматычны занятак «Старажытны ласунак: пернік» – прайшло ў абласной бібліятэцы для навучэнцаў сярэдняй школы № 31 імя В. З. Харужай.
Сёння пернік – звыклы дэсерт з бліжэйшай крамы, але калісьці ён лічыўся сапраўдным сімвалам свята і дастатку. Школьнікі здзейснілі займальнае падарожжа ў глыб стагоддзяў, каб даведацца, як гэты ласунак аб'ядноўвае розныя культуры і эпохі. Рабяты даведаліся, чаму пернік называецца менавіта так, і якія спецыяльныя дабаўкі ствараюць яго непаўторны водар; пазнаёміліся з цэнтрамі пернічнага рамяства ў Беларусі – у Дуброўне, Копысі, Мінску і Оршы. Асаблівую цікавасць выклікаў аповед пра пасёлак Мір, дзе калісьці пяклі ўнікальныя пернікі ў выглядзе салдацікаў, без якіх не абыходзіўся ніводны кірмаш.
Рабяты вывучалі старадаўняе начынне для выпечкі, у гульнявой форме ўспаміналі народныя прыказкі і прымаўкі. Самым азартным момантам стала «водарная віктарына», дзе школьнікі навобмацак і на пах адгадвалі спецыі, якія ўваходзяць у склад цеста, і збіралі тэматычныя пазлы.
Завяршыўся занятак творчай майстэрняй: кожны ўдзельнік змог адчуць сябе майстрам-кандытарам, распісваючы пернікі беласнежным айсінгам.
Важным дадаткам да сустрэчы стала кніжная выстава «С пылу с жару – к чаю!», дзе была прадстаўлена літаратура пра гісторыю кулінарыі і сакрэты нацыянальнай кухні.


































