
Выстава жывапісу Сяргея Махнача «Казачны лес»
- Details
- Створана 04.05.2026 15:59
Адкрыццё персанальнай выставы жывапісу Сяргея Махнача «Казачны лес» адбылося 2 мая ў абласной бібліятэцы.
Сяргей Махнач нарадзіўся ў 1978 годзе ў Мінску ў сям'і навуковых работнікаў. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Жыве і працуе ў Мінску.
Прырода, і, у прыватнасці, лес – адна з асноўных крыніц натхнення для Сяргея Махнача ў яго творчасці. Мастак, які вырас у сям'і, дзе прадстаўнікі некалькіх пакаленняў былі навукоўцамі-геолагамі, з ранняга дзяцінства знаёмы з жыццём лесу. Шматлікія экспедыцыі па Беларусі, у якіх Сяргей пабываў у дзяцінстве і юнацтве разам з бацькам-геолагам і яго калегамі, сфарміравалі ў будучага мастака прыхільнасць да лесу і яго насельнікаў.
На выставе прадстаўлены аб'яднаныя агульнай тэмай жывапісныя работы розных гадоў. Мастацкае бачанне Сяргея – асаблівае; у ім няма рэалістычнага малюнка рэчаіснасці, але ў яго карцінах лёгка ўбачыць яркія фарбы, незвычайныя вобразы. У сваёй творчасці аўтар імкнецца захаваць радасць жыцця, натхніць іншых атрымліваць асалоду ад прыгажосці вакол сябе, даць адчуванне душэўнага спакою. Кожная работа пагружае гледача ў чароўны свет, дзе яркія фарбы ствараюць атмасферу казкі.
Выстава прыцягнула ўвагу аматараў мастацтва і прыроды. Павіншаваць Сяргея Анатольевіча прыйшлі сябры, знаёмыя, чытачы бібліятэкі. Мастацтвазнаўца Людміла Вакар і мастак Валянціна Ляховіч адзначылі ўнікальнасць і арыгінальнасць стылю, пазнавальны і чытаемы каларыт. Мастак правёў невялікую экскурсію, дзелячыся гісторыямі, звязанымі са стварэннем карцін. У канцы сустрэчы Сяргей Анатольевіч прэзентаваў бібліятэцы сваю кнігу, дапоўненую ўласнымі ілюстрацыямі. Кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў у падарунак паштоўкі з рэпрадукцыямі работ і аўтографам аўтара.
Выстава «Казачны лес» размешчана ў фае 3-га паверха і будзе працаваць да 31 мая.


































