
Віцебскія настаўнікі асвойваюць рэсурсы і магчымасці абласной бібліятэкі
- Details
- Створана 06.05.2026 08:49
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдніх школ Віцебска напрыканцы красавіка здзейснілі прафесійны візіт у абласную бібліятэку.
Сустрэча, арганізаваная аддзелам маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці бібліятэкі і сярэдняй школай № 34, стала пляцоўкай для абмену досведам і ўкаранення перадавых адукацыйных практык.
У рамках раённага навучальна-метадычнага пасяджэння педагогі Кастрычніцкага раёна абмеркавалі сучасныя падыходы да праектавання ўрокаў. Асаблівую ўвагу надалі сістэмна-дзейнаснаму і кампетэнтнаснаму падыходам, а таксама актыўным і інтэрактыўным метадам навучання. Даклады ўдзельнікаў былі прысвечаны аналізу вынікаў выканання экзаменацыйных работ, прымяненню актуальных методык выкладання, а таксама магчымасцям, якія адкрывае афіцыйны сайт бібліятэкі. Электронны каталог, уласныя базы даных і доступ да фондаў бібліятэк-партнёраў значна спрашчаюць падрыхтоўку да ўрокаў і павышаюць эфектыўнасць адукацыйнай дзейнасці.
Інфармацыйна-аглядная праграма «Знаёмцеся, бібліятэка!» пазнаёміла ўдзельнікаў з фондам, тэхнічнымі магчымасцямі і рэсурсамі абласной бібліятэкі як сучаснай адукацыйнай прасторы. У аддзелах абанемента, выданняў на замежных мовах, краязнаўства, прававой інфармацыі і электронных рэсурсаў, агульнай чытальнай зале, а таксама ў дзіцячым і юнацкім аддзелах настаўнікі і бібліятэкары абмеркавалі пытанні ўключэння школьнікаў у чытанне беларускай і сусветнай літаратуры, вывучэння культуры і гісторыі роднага краю.
Выстава «Нам разам жыць завешчана гісторыяй» у выставачнай зале «Ех Libris» стала месцам асаблівай цікавасці. Тут гасцям былі прадстаўлены ўнікальныя выданні літаратурна-выдавецкага праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», а таксама рарытэты з фонду аддзела рэдкай кнігі. Сярод экспанатаў – факсімільнае выданне «Вялікага мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча, знакамітая «Псалтыр» Францыска Скарыны і мініяцюрная «Азбука» Івана Фёдарава.
Сустрэча завяршылася абмеркаваннем ідэй для сумесных праектаў. Такія ініцыятывы садзейнічаюць не толькі развіццю сацыякультурнай дзейнасці бібліятэкі, але і фарміраванню ў школьнікаў глыбокай цікавасці да нацыянальнай культуры і літаратуры.


































