
Дыялогавая пляцоўка «Жанчына ў сям'і і на працы»
- Details
- Створана 14.05.2026 09:45
Дыялогавая пляцоўка «Жанчына ў сям'і і на працы» адбылася 12 мая ў абласной бібліятэцы і стала працягам выставы «Лёс жанчыны – лёс Радзімы», якая адкрылася ў гэты ж дзень.
Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня сям'і і да Года беларускай жанчыны, нагадала ўдзельнікам пра самае галоўнае ў жыцці – пра сямейныя каштоўнасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. І роля жанчыны ў сям'і – шматаблічная. Пры гэтым яна паспяхова рэалізуе сябе ў самых розных сферах.
Спікерамі дыялогавай пляцоўкі выступілі: начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Навіцкая, намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты «Віцебскія весці» Юлія Новікава, старшыня Віцебскай абласной натарыяльнай палаты Інэса Горнак, намеснік начальніка аддзела ЗАГС Віцебскага гарвыканкама Ганна Шпац, а таксама кіраўнік аддзела па справах моладзі, протаіерэй Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Аляксандр Кавалёў і прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі іерэй Дыянісій Андрэеў.
На мерапрыемстве гаварылі пра заслужанае прызнанне ролі жанчыны не толькі ў сям'і, але і ў грамадскім жыцці, пра розныя праекты, якія рэалізуюцца ў гэтым кірунку абласной арганізацыяй Беларускага саюза жанчын, абласной газетай «Віцебскія весці», Віцебскай епархіяй. Закранулі пытанні заканадаўчага рэгулявання абароны сям'і, мацярынства і дзяцінства. Пагаварылі пра выдатную традыцыю, якая дазваляе адзначыць важныя сямейныя даты і зноў пацвердзіць свае пачуцці – пра святкаванне юбілеяў у органах ЗАГС.
Сям'я – гэта крэпасць, крыніца сілы і натхнення. Моцная сям'я – гэта падмурак здаровага грамадства, залог яго дабрабыту і росквіту.


































