
Псіхалагічны трэнінг-марафон «Абаянне сталага ўзросту»
- Details
- Створана 14.05.2026 12:01
Віцебская абласная бібліятэка працягвае паспяховае супрацоўніцтва з Віцебскім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, рэалізуе сумесныя ініцыятывы, накіраваныя на павышэнне якасці жыцця пажылых людзей.
Сістэмную псіхалагічную і сацыяльную падтрымку чытачоў бібліятэкі забяспечваюць трэнінгі, ініцыятарам правядзення якіх выступілі супрацоўнікі агульнай чытальнай залы бібліятэкі і псіхолаг цэнтра Анжаліка Дзіканава. У Год беларускай жанчыны гэты праект набыў асаблівую значнасць, падкрэсліваючы важнасць падтрымкі і ўсебаковага развіцця жанчын у сталым узросце.
Асноўная задача трэнінг-марафону – спрыяць актыўнаму даўгалеццю, раскрыць патэнцыял самарэалізацыі і навучыць адаптацыі да зменлівых умоў жыцця. Усе ўдзельніцы трэнінгу – жанчыны, якія імкнуцца да гармоніі і самаўдасканалення.
З верасня 2025 года па май 2026 года было праведзена 14 заняткаў, якія карысталіся нязменнай папулярнасцю сярод чытачоў бібліятэкі. Падчас трэнінгаў удзельніцы выконвалі практычныя практыкаванні, знаёміліся з тэматычнай літаратурай, прадстаўленай на спецыяльна арганізаваных супрацоўнікамі агульнай чытальнай залы кніжных выставах.
Пад час знаёмства з рознымі відамі і жанрамі мастацкай літаратуры, удзельніцы трэнінгу вучыліся захоўваць і развіваць сваю прывабнасць, упэўненасць і ўнутраную гармонію, умацоўваць сацыяльныя сувязі і навыкі камунікацыі.
Дзякуючы гэтай ініцыятыве праца абласной бібліятэкі ў сферы падтрымкі людзей сталага ўзросту стала больш значнай, стварыўшы спрыяльныя ўмовы для іх асабістага развіцця і самарэалізацыі.


































