
Візіт настаўнікаў пачатковых класаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці
- Details
- Створана 15.05.2026 12:42
Віцебская абласная бібліятэка 13 мая расчыніла свае дзверы для выніковага вучэбна-метадычнага аб'яднання настаўнікаў пачатковай школы Віцебскай вобласці.
Пачатковая школа – гэта ўнікальны свет, асаблівая планета, дзе закладваецца падмурак для далейшага навучання, фарміруецца цікавасць да ведаў і ўменне вучыцца. Бібліятэка як сучасны рэсурсны цэнтр здольная аказаць істотную падтрымку педагогам у ключавых пытаннях іх прафесійнай дзейнасці: абмяняцца вопытам і наладзіць супрацоўніцтва ў пытаннях выкладання, а таксама фарміравання агульнанавучальных уменняў і навыкаў, асабліва развіцця творчага мыслення ў вучняў.
У захапляльнае падарожжа па аддзелах абласной бібліятэкі настаўнікаў павяла загадчыца агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая. Арыгінальны падыход – знаёмства з дзейнасцю бібліятэкі праз прызму творчасці Аляксандра Пушкіна – дазваляе даведацца пра багатыя інфармацыйныя рэсурсы, якія мае сучасная бібліятэка. У кожным аддзеле знайшлося месца для размовы пра вялікага паэта, а інтэрактыўныя элементы дадалі сустрэчы жвавасці і цікавасці. Педагогам было прапанавана ў гульнявым фармаце адкрыць для сябе новыя факты з жыцця Пушкіна: сабраць бібліяпазл, знайсці яго сярод герояў віммельбуха і нават пазмагацца са штучным інтэлектам.
Дзіцячая літаратура мае важнае значэнне ў адукацыі малодшых школьнікаў. Загадчыца дзіцячага аддзела Юлія Далганава прадставіла ўвазе гасцей разнастайныя фарматы кніг, здольныя захапіць юных чытачоў. Асаблівую цікавасць выклікала дзіцячая старонка на сайце абласной бібліятэкі, дзе педагогі могуць знайсці шмат карысных матэрыялаў і рэсурсаў для сваёй працы.
Загадчыца аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова пазнаёміла настаўнікаў з лічбавымі рэсурсамі па гісторыі роднага краю, прадстаўленымі на сайце бібліятэкі. Яна прадэманстравала найбольш папулярныя электронныя выданні краязнаўчай тэматыкі, якія стануць незаменнымі памочнікамі ў рабоце педагогаў, дазваляючы ім цікава і пазнавальна расказваць дзецям пра гісторыю і культуру Віцебскай вобласці.
Вучэбна-метадычнае аб'яднанне стала пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу і дало магчымасць намеціць новыя шляхі ўзаемадзеяння паміж бібліятэкай і настаўнікамі пачатковых класаў Віцебскай вобласці. Удзельнікі выказалі ўпэўненасць у тым, што такое супрацоўніцтва будзе садзейнічаць павышэнню якасці адукацыі і ўсебаковаму развіццю падрастаючага пакалення.


































