
Сустрэча «Дыпламатыя як мастацтва дыялогу і партнёрства»
- Details
- Створана 15.05.2026 14:40
У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна 14 мая прайшла сустрэча «Дыпламатыя як мастацтва дыялогу і партнёрства».
Мерапрыемства адбылося ў рамках праекта «Мост у прафесію: гісторыі поспеху» і аб'яднала навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Сярод гасцей таксама былі прадстаўнікі адміністрацыі Чыгуначнага раёна г. Віцебска і Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Загадчыца агульнай чытальнай залы Таццяна Патоцкая прадставіла кніжную выставу «Дыпламатыя: гісторыя і сучаснасць». Яна адзначыла, што сярод прадстаўленых выданняў ёсць работы беларускіх дыпламатаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё міжнародных адносін.
Кіраўнік аддзялення Пасольства Расійскай Федэрацыі ў г. Віцебску Ігар Дзямяненка расказаў пра ключавыя тэрміны дыпламатыі, структуру Міністэрства замежных спраў і работу яго падраздзяленняў унутры краіны і за мяжой. Спікер падрабязна спыніўся на этапах падрыхтоўкі міжнародных дакументаў, іх ратыфікацыі, а таксама на функцыях пасольстваў і консульстваў з прыкладамі з беларускай, расійскай і сусветнай практыкі.
Ігар Дзямяненка адзначыў, што дыпламат павінен валодаць як мінімум дзвюма з шасці афіцыйных моў ААН. Асаблівую ўвагу надаў развіццю вобразнай гаворкі як важнаму навыку для кожнага чалавека і расказаў, што яму асабіста ў гэтым дапамагае чытанне кніг у жанры фантастыкі.
Ён таксама прывёў прыклады ўраджэнцаў Віцебскай вобласці, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну, а затым плённа працавалі ў Народным камісарыяце замежных спраў СССР, пасля пераўтвораным у Міністэрства замежных спраў СССР, – гэта Пётр Абрасімаў, Міхаіл Зімянін, Сяргей Кікцеў, Віталь Смірноў, Аляксандр Снапкоў, Цярэнцій Штыкаў.
У дар абласной бібліятэцы Ігар Вітальевіч перадаў выданне «Кніга памяці. Рэспубліка Беларусь», прысвечанае гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якое змяшчае інфармацыю пра воінскія пахаванні і месцы масавага знішчэння мірнага насельніцтва ў Віцебскай вобласці.
Напрыканцы ўдзельнікі абмеркавалі практыку работы з моладдзю ў рамках інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве і адзначылі, што такі падыход садзейнічае фарміраванню агульных поглядаў на міжнародныя адносіны ў грамадзян Беларусі і Расіі.


































