
Сустрэча-лекцыя з Верай Міцкевіч «Якуб Колас: Род. Радавод. Нашчадкі. Народ»
- Details
- Створана 18.05.2026 12:26
Cустрэча-лекцыя «Якуб Колас: Род. Радавод. Нашчадкі. Народ» з Верай Міцкевіч, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, унучкай народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, адбылася 14 мая ў абласной бібліятэцы.
У 2026 годзе адзначаецца стагоддзе з часу прысваення Якубу Коласу ганаровага звання «Народны паэт Беларусі», а таксама споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння малодшага сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча.
Вера Даніілаўна пазнаёміла прысутных з радаводам народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча), які нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і Міхаіла Казіміравіча і Ганны Юр'еўны Міцкевічаў з вёскі Мікалаеўшчына, што на Стаўбцоўшчыне. Усяго ў сям'і Міцкевічаў было 13 дзяцей, да сталых гадоў дажылі дзевяць. Узгадваючы старонкі паэмы «Новая зямля», Вера Міцкевіч расказала пра дзядзьку Антося, пра тое, як склаўся лёс братоў і сясцёр Якуба Коласа, а таксама пра яго прамых нашчадкаў: трох сыноў, шэсць унукаў, сем праўнукаў і сем прапраўнукаў.
Асоба і творчасць Якуба Коласа па сённяшні дзень прыцягваюць увагу даследчыкаў, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова расказала пра кнігі, якія нядаўна пабачылі свет у выдавецтве «Беларусь: «Якуб Колас у Парыжы. 1935 год» Міколы Труса і «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў». Кнігі пра Якуба Коласа таксама выдадзены яго роднымі: Даніла Міцкевіч «Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа», Міхась Міцкевіч «Пад бацькоўскім дахам», Вера Міцкевіч «Якуб Колас: Пясняр зямлі і неба Беларусі», кнігу «"Табой я жыў, табой жыву...": пра жонку Якуба Коласа: да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі» уклалі Васіліна Міцкевіч і Вера Міцкевіч. Выдадзена кніга пра сярэдняга сына Якуба Коласа, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у абароне Смаленска і лічыцца прапаўшым без вестак, «Апалены золак. Слова пра Юрку, Коласава сына».
Вера Міцкевіч перадала ў фонд бібліятэкі кнігі «"І бачу пройдзеныя далі...": матэрыялы да 100-годдзя Д. К. Міцкевіча» і «Сын вялікага паэта: да 100-годдзя Міхася Міцкевіча». Асобнікі кнігі пра Данілу Міцкевіча былі таксама перададзены Дзяржаўнаму архіву Віцебскай вобласці і Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею.
Напрыканцы сустрэчы Вера Даніілаўна зачытала невялікі публіцыстычны твор Якуба Коласа «Мой запавет», напісаны ў 1946 годзе, які заканчваецца наступнымі радкамі: «Калі вам будзе добра, калі вы пойдзеце па праўдзівай дарозе жыцця, калі вы будзеце мець на ўвазе не толькі сябе, але і народ, калі будзеце жыць народам дзеля народа, тады я скажу: няхай жа будзе шчаслівай ваша дарога...».


































