
Адзіны дзень інфармавання ў абласной бібліятэцы
- Details
- Створана 21.05.2026 12:42
У абласной бібліятэцы 21 мая адбыўся адзіны дзень інфармавання «Трэнды і новыя напрамкі развіцця турызму ў Беларусі».
Дырэктар Таццяна Адамян адзначыла, што развіццё турызму – важны рухавік эканамічнага росту, які садзейнічае развіццю многіх галін, а таксама захаванню гістарычнай спадчыны, прыродных і культурных каштоўнасцей Беларусі. Яна падкрэсліла, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшыя гады прадугледжвае значнае павелічэнне ўкладу турызму ў эканоміку краіны.
Сярод актуальных напрамкаў Таццяна Мікалаеўна адзначыла рост падзейнага турызму і значнасць для нашага горада Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яна анансавала сумесны з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі выставачны праект, прэзентацыя якога ўключана ў праграму юбілейнага фестывалю.
На ўнікальную архітэктурна-гістарычную спадчыну Беларусі, якая адкрывае магчымасці для развіцця гісторыка-культурнага турызму, прыцягваючы падарожнікаў да храмавай архітэктуры і духоўных цэнтраў, звярнула ўвагу член інфармацыйна-прапагандысцкай групы Ірына Наварэнка.
Старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Вольга Лебедзева расказала пра магчымасці аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння ў арганізацыях Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Таксама яна распавяла пра адзін з трэндаў – гастранамічны турызм, які адрознівае якасны сэрвіс, яркія эмоцыі, арыгінальныя маршруты і новыя ўражанні.
Выставу тэматычных выданняў пра багатую культурную і гістарычную спадчыну нашага рэгіёна падрыхтаваў аддзел краязнаўства. Кнігі і фотаальбомы асвятляюць разнастайныя аспекты мясцовай гісторыі, традыцый, прыроды і культуры.


































