
Выстава «Спасцігаючы сэнс прыгажосці»
- Details
- Створана 21.05.2026 11:52
Адкрыццё выставы кніг з асабістай бібліятэкі мастацтвазнаўцы Алены Рак адбылося 19 мая ў выставачнай зале «Ex Libris».
Выстава «Спасцігаючы сэнс прыгажосці» стала яркім працягам праекта «Кніжнікі Прыдзвіння» і прымеркавана да Дня славянскага пісьменства і культуры.
Алена Рак – мастацтвазнаўца, музеязнаўца, экскурсавод, краязнаўца, мастак і музыка, паэт і кнігалюб, бібліятэка якога налічвае больш за тры тысячы выданняў.
У выставачнай зале «Ex Libris» прадстаўлена сто чатырнаццаць выданняў з кніжнай калекцыі, якая звязана з прафесійнымі інтарэсамі Алены Валер'еўны. За шклом вітрын – рэдкія альбомы рэпрадукцый і фундаментальныя работы па гісторыі мастацтва, каталогі выстаў і працы па іканаграфіі, энцыклапедыі, кнігі з дароўнымі і ўладальніцкімі надпісамі, а таксама рарытэтныя дарэвалюцыйныя выданні. Многія кнігі адзначаны асабістымі экслібрысамі ўладальніка.
Адкрыла выставу дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, якая адзначыла навуковую і бібліяфільскую каштоўнасць прадстаўленай калекцыі і падзякавала Алене Рак за магчымасць пазнаёміць жыхароў горада з гэтым унікальным кніжным зборам.
Дырэктар Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча протаіерэй Аляксандр Лясавы адзначыў рознабаковасць талентаў Алены Валер'еўны і яе вялікі ўклад у справу духоўнай асветы, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць асэнсавання навуковых ісцін праз прызму духоўнасці.
З прывітальным словам выступіў прарэктар па выхаваўчай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі іерэй Дыянісій Андрэеў.
Словы віншавання, захаплення і падзякі прагучалі з вуснаў музейнага работніка Алены Сяровай, выкладчыка Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча Алены Васілёк, псіхолага Дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў» Веранікі Пруднікавай, родных і блізкіх Алены Рак.
У завяршэнні прэзентацыі Алена Валер'еўна правяла займальную экскурсію па экспазіцыі, адказала на пытанні прысутных.
Выстава «Спасцігаючы сэнс прыгажосці» будзе экспанавацца ў выставачнай зале «Ex Libris» па 26 чэрвеня 2026 года.


































