
«Па старонках і залах»: вынікі абласнога конкурсу на лепшы сцэнарый квэст-гульні
- Details
- Створана 12.06.2026 13:43
У Міжнародны дзень гульні 11 чэрвеня 2026 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылося падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу на лепшы сцэнарый квэст-гульні «Па старонках і залах».
У конкурсе, ініцыяваным упраўленнем культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, абласной бібліятэкай і Віцебскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, прынялі ўдзел аддзелы абслугоўвання карыстальнікаў абласной бібліятэкі і цэнтралізаваныя бібліятэчныя сістэмы Віцебшчыны. У склад прафесійнага журы ўвайшлі кіраўнікі і спецыялісты абласной бібліятэкі, Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і музея гісторыі прыватнага калекцыяніравання, а таксама абласной арганізацыі галіновага прафсаюза.
Пераможцамі ў катэгорыі «Абласная бібліятэка» сталі:
• дзіцячы аддзел з квэстам «Аперацыя «Монстры» (намінацыя «для вучняў 1–4 класаў»),
• аддзел рэдкай кнігі з квэстам «Па слядах Ката Фаліянта» (намінацыя «для вучняў 5–9 класаў»),
• агульная чытальная зала з квэстам «МаякоўскіКод», які стаў безумоўным лідарам па балах сярод усіх канкурсантаў (намінацыя для моладзі і дарослых).
У катэгорыі «Цэнтралізаваныя бібліятэчныя сістэмы» перамаглі:
• Пастаўская дзіцячая бібліятэка-філіял імя У. Дубоўкі з квэстам «Падарожжа ў краіну «Мова» (1–4 класы),
• Гарадоцкая цэнтральная раённая бібліятэка з квэстам «Тайна зніклых кніг» (5–9 класы),
• Глыбоцкая цэнтральная раённая бібліятэка з квэстам «Код роднай мовы: расшыфруй і пераможаш» (моладзь і дарослыя).
Спецыяльнымі дыпломамі журы таксама былі адзначаны:
• аддзел краязнаўства абласной бібліятэкі («За пагружэнне ў гісторыю роднага краю»),
• аддзел абанемента абласной бібліятэкі («За лепшае ўвасабленне дэтэктыўнага сюжэта»),
• Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма («За папулярызацыю творчасці землякоў»),
• Верхнядзвінская цэнтральная раённая бібліятэка імя Т. Хадкевіча («За арыгінальную гульнявую канцэпцыю»).
У другой частцы мерапрыемства госці ператварыліся з гледачоў у ўдзельнікаў: для іх былі арганізаваны рэальныя квэсты, мадэратарамі якіх сталі спецыялісты абласной бібліятэкі – «Таямніцы роднага краю на кніжных паліцах» ад аддзела краязнаўства і «МаякоўскіКод» ад агульнай чытальнай залы.
Усе лепшыя сцэнарыі будуць уключаны ў метадычны зборнік і размешчаны на афіцыйным сайце бібліятэкі. Конкурс «Па старонках і залах» даказаў: бібліятэка сёння – гэта сапраўдная інтэлектуальная пляцоўка для чытачоў, дзе можна вучыцца, натхняцца і тварыць.


































