
«Коласаўцы. Таццяна Ліхачова»
- Details
- Створана 18.06.2026 09:33
Творчая сустрэча з вядучым майстрам сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Ліхачовай адбылася 16 чэрвеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «Коласаўцы», прымеркаванага да 100-годдзя славутага тэатра.
Таццяна Уладзіміраўна – уладальніца прэстыжных прызоў Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка» і «Крыштальная Паўлінка», – падзялілася з гасцямі ўспамінамі аб дзяцінстве, шляху ў прафесію і вучобе ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе яна сустрэла свайго будучага мужа – акцёра Генадзя Шкуратава.
Вядучы вечарыны, літаратурны рэдактар тэатра Аляксандр Замкоўскі, нагадаў аб дзясятках знакавых роляў, сыграных актрысай. У іх ліку – Ганна ў спектаклі «Сымон-музыка» паводле паэмы Якуба Коласа, Аня з «Вішнёвага саду» Чэхава, Голда ў «Памінальнай малітве» Рыгора Горына... Таццяна Ліхачова таксама расказала аб складанай рабоце над вобразам святой Еўфрасінні Полацкай у спектаклі «Крыж Ефрасінні» па п'есе Ірыны Масляніцынай і аб супрацоўніцтве з драматургам Аляксеем Дударавым, які прысвяціў ёй п'есу «Люці».
Калегі-коласаўцы – мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна адзначылі не толькі талент і майстэрства Таццяны Ліхачовай, але і яе адказныя адносіны да справы, патрабавальнасць да сябе, уважлівасць. Сябры і прыхільнікі творчасці артысткі, сярод якіх Ірына Венгер, Таццяна Пастарнак, Алена Бабарыка, выказалі словы ўдзячнасці і падзякі і пажадалі Таццяне Уладзіміраўне новых цікавых роляў.
Праект «Коласаўцы» працягне сваю работу ў бібліятэцы на працягу ўсяго года. Гледачоў чакаюць новыя сустрэчы з артыстамі і мерапрыемствы, прысвечаныя легендам коласаўскай сцэны.


































