
Міжнародная анлайн-канферэнцыя «Славянскія фестывалі: шлях дружбы і яднання»
- Details
- Створана 29.06.2026 11:44
Міжнародная анлайн-канферэнцыя «Славянскія фестывалі: шлях дружбы і яднання» адбылася ў Дзень дружбы і яднання славян, які адзначаецца 25 чэрвеня. Гэта дата прысвечана найбуйнейшай гістарычнай і моўнай супольнасці народаў – у свеце налічваецца каля 350 мільёнаў славян, аб'яднаных агульнымі гістарычнымі і моўнымі каранямі, культурнымі традыцыямі і звычаямі.
Сустрэча арганізавана ў рамках супрацоўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна і Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя В. Я. Курбатава пры падтрымцы Цэнтра культуры «Віцебск» – Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.
Канферэнцыя стала адной з «35 падзей напярэдадні юбілейнага XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і была прысвечана традыцыям і культурнай спадчыне форуму мастацтваў у Віцебску і гісторыка-паэтычнаму фестывалю «Словенскае поле», які праходзіць на Пскоўшчыне, а таксама іншым.
У прывітальных словах дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян і генеральны дырэктар Пскоўскай абласной бібліятэкі Ларыса Ягорава адзначылі, што ў абедзвюх краін вялікі вопыт правядзення культурных праектаў.
Юлія Вайлунова-Шынкевіч, загадчык аддзела маркетынгу Віцебскай абласной бібліятэкі, адзначыла важнасць друкаваных кніг як зафіксаваных гістарычных фактаў, якія захоўваюць унікальныя матэрыялы, недаступныя анлайн. Бібліятэка выступае гарантам захавання дакументальнай спадчыны для будучых даследчыкаў.
Да ключавых крыніц можна аднесці бібліяграфічны паказальнік, даведнік па музеі фестывалю – выставачнай зале «Духаўскі круглік», каталог фірменнага стылю і сцэнаграфіі, зборнікі «Першае дзесяцігоддзе», «Другое дзесяцігоддзе», «Трэцяе дзесяцігоддзе», якія захоўваюць інфармацыю пра развіццё фестывалю і яго ўплыў на культурнае жыццё рэгіёна і краіны.
Выданні дэманструюць не толькі рост статусу самой падзеі, але і асэнсаванне фестывалю як значнай культурнай з'явы.
Загадчык сектара рэкламы Цэнтра культуры «Віцебск» Анастасія Асташчанка нагадала пра ўнікальную прыроду фестывалю, які вось ужо трыццаць пяць гадоў збірае дзясяткі народаў і культур, застаючыся верным свайму дэвізу «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення». За гісторыю форуму прадстаўнікі ўсіх славянскіх краін паспяхова прадэманстравалі свае дасягненні ў вакальных конкурсах, тэатральных і харэаграфічных праектах, класічнай музыцы і выяўленчым мастацтве.
Паэт Андрэй Беніямінаў расказаў пра фестываль гістарычнай паэзіі «Словенскае поле», які з 2015 года ўнесены ў Расійскі нацыянальны каляндар падзей культуры. За гады правядзення на фестывалі пабывалі паэты з больш як трыццаці рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі. Многія беларускія паэты неаднаразова станавіліся пераможцамі розных конкурсаў – гэта Алена Крыклівец, Алег Сяшко, Наталля Саветная і Вікторыя Сакалоўская.
Вікторыя Стральцова, вядучы бібліятэкар агульнай чытальнай залы Магілёўскай абласной бібліятэкі, падзялілася гісторыяй шматгадовага сяброўства паэтаў Аркадзя Куляшова і Аляксандра Твардоўскага, падкрэсліўшы значнасць культурнага абмену паміж народамі.


































