
Літаратурная вечарына «Як зацвітуць у лесе верасы...»
- Details
- Створана 08.09.2026 11:30
Літаратурная вечарына да 80-годдзя з дня нараджэння паэта, журналіста, лаўрэата «Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча» Віцебскага аблвыканкама, гарадской прэміі «Сузор'е муз», ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Алега Салтука «Як зацвітуць у лесе верасы...» адбылася ў бібліятэцы 3 верасня.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка і паэт Мікалай Намеснікаў у сваіх выступленнях адзначылі паэтычны талент Алега Салтука, узгадалі яго зборнікі вершаў.
Алег Салтук – ураджэнец вёскі Рыжэнькі Шумілінскага раёна, пазней сям'я пераехала на радзіму бацькі ва Ушацкі раён. Дырэктар Шумілінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Маргарыта Скуратава сказала добрае слова пра земляка. Святлана Казлова, якая доўгія гады ўзначальвала Літаратурны музей, нагадала пра сустрэчы з пісьменнікамі, канферэнцыі і семінары ў час, калі Алег Салтук узначальваў пісьменніцкую арганізацыю Віцебшчыны.
Вядучы вечара, загадчык аддзела краязнаўства Ларыса Рагачова расказала пра захаванне паэтычнай спадчыны Алега Салтука, новыя зборнікі, куды ўвайшлі вершы паэта. Былі прадэманстраваны ўнікальныя запісы, дзе паэт сам чытае свае вершы. А вучні гімназіі № 7 г. Віцебска Данііл Гарошка, Дамір Ціхаміраў і Ніка Міклашэўская аздобілі вечар цудоўным чытаннем вершаў Алега Салтука.


































