
«Сінія нябёсы дзяцінства»: прэзентацыя новай кнігі Людмілы Хмяльніцкай
- Details
- Створана 16.09.2026 13:34
Прэзентацыя кнігі вядомага гісторыка Людмілы Хмяльніцкай «Сінія нябёсы дзяцінства: віцебскія гады Марка і Бэлы Шагал», выпушчанай выдавецтвам «Беларусь», адбылася ў бібліятэцы 15 верасня.
Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак падкрэсліў асаблівую значнасць гэтага выдання. Выхад кнігі прымеркаваны да знакавай даты – 140-годдзя з дня нараджэння вялікага майстра, якую міжнародная культурная супольнасць будзе адзначаць у 2027 годзе.
Аўтар кнігі Людміла Хмяльніцкая падзялілася з гасцямі ўнікальнымі падрабязнасцямі сваёй работы, раскрыла малавядомыя абставіны перакладу аўтабіяграфічных прац Марка і Бэлы Шагал на рускую мову, і расказала пра цікавыя гістарычныя знаходкі і архіўныя адкрыцці, звязаныя з лёсамі знакамітых жыхароў Віцебска той эпохі.
У прэзентацыі таксама прыняў удзел фатограф Павел Максімаў, чые аўтарскія здымкі сталі важнай часткай візуальнага афармлення і мастацкага напаўнення новага выдання.


































