
Сямейныя таямніцы і аптымізм за 60: у бібліятэцы адбылася прэм'ера камедыі «Знойные мамочки»
- Details
- Створана 16.09.2026 16:23
Лірычную камедыйную пастаноўку «Знойные мамочки» прадставіў у бібліятэцы 15 верасня аматарскі тэатральны калектыў «Светач».
У аснову спектакля лягла аднайменная п'еса вядомага амерыканскага драматурга Дэвіда У. Крыстнера, а адзіны і гарманічны мастацкі свет на сцэне стварыў таленавіты рэжысёр Яўген Клемят.
Сюжэт закручваецца вакол шчаснай сямейнай пары – Эбі і Дэна. Іх звыклы, спакойны побыт разбураецца ў адно імгненне, калі ў дом адначасова пераязджаюць дзве іх мамы: Чэрын – аўдавелая свякруха, якую Эбі запрашае жыць разам дзеля яе падтрымкі, і Клодзія – цешча, якую Дэн у адплату і без захаплення кліча да сябе, даведаўшыся аб рашэнні жонкі.
Апынуўшыся пад адным дахам, харызматычныя дамы «за 60» навочна даказваюць, што сталы ўзрост – не перашкода для вольнага, актыўнага і яркага жыцця. Сумеснае пражыванне не толькі пераварочвае ўсё дагары дном і выкрывае нечаканыя сямейныя таямніцы, але і дапамагае героям пачуць адзін аднаго і здабыць сапраўднае паразуменне.
Спектакль закрануў адвечную тэму бацькоў і дзяцей, паказаў натхняльныя бакі сталага ўзросту і зарадзіў залу безумоўным аптымізмам, не пакінуўшы абыякавым ніводнага гледача.


































