
Прэзентацыя манаграфіі М. В. Півавара “Музеі Віцебска на пачатку XXI ст.”
- Details
- Створана 01.10.2012 15:37
27 верасня ў аддзеле перыядычнай літаратуры адбылася прэзентацыя манаграфіі вядомага краязнаўца, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Мікалая Васільевіча Півавара "Музеі Віцебска на пачатку XXI ст.".
Мерапрыемства было падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. На ім прысутнічалі супрацоўнікі музеяў, стваральнікі музейных калекцый, мастацтвазнаўцы, мастакі, педагогі, журналісты, студэнты і многія іншыя. Прысутным былі прапанаваны дзве выставы: "Краязнавец родных мясцін", прысвечаная жыццю і дзейнасці М. В. Півавара, і "Музеі Віцебска", якая адлюстроўвае гістарычнае развіццё і сучасны стан музейнага жыцця абласнога цэнтра. У пачатку прэзентацыі аўтар распавёў пра мэты, задачы, якія ён ставіў перад сабой пры стварэнні манаграфіі, пра крыніцы для напісання кнігі, пра цяжкасці, з якімі яму давялося сутыкнуцца ў рабоце. Таксама ён расказаў пра выдатных людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да стварэння віцебскіх музеяў, пра свае сустрэчы з імі, і лепшыя, на думку М. В. Півавара, музеі горада. Перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі віцебскі мастак, аўтар музейна-выставачнай экспазіцыі Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Ю. С. Чарняк, загадчык музея Л. М. Баханава, адзін са стваральнікаў Віцебскага гарадскога музея воінаў-інтэрнацыяналістаў В. Б. Чкалаў. Высокую ацэнку манаграфіі "Музеі Віцебска на пачатку XXI ст." далі ў сваіх выступленнях дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі А. І. Сёмкін, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Г. У. Савіцкі, вядучы спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама П. М. Падгурскі. Усе выступоўцы гаварылі пра значнасць, неабходнасць кнігі, якая, па сутнасці, з'яўляецца адзіным выданнем, у якім даецца не толькі кароткі агляд музейнага будаўніцтва ў Віцебску на працягу XVIII – пач. XXI стст., але і карціна сённяшняга стану музеяў горада, склад іх фондаў, апісанне экспазіцый і кантактная інфармацыя.
















































