
Паэтычная краіна Вольгі Русілкі
- Details
- Створана 21.12.2009 22:00
22 снежня ў аддзеле літаратуры па мастацтве адбылася сустрэча з вядомай віцебскай паэтэсай, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ВДУ імя П.М. Машэрава, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча Вольгай Русілкай.
Вечарына ўяўляла сабой спалучэнне як творчай імпрэзы, прымеркаванай да юбілею Вольгі Іванаўны, так і прэзентацыі апошняга зборніка вершаў, лірычных мініяцюр і перакладаў пад назвай “В.І.Р.”.
Часам так здараецца, што лёс, або Бог падштурхоўвае адзін да аднаго людзей, якія родняцца па сугуччы пачуццяў, думак, жаданняў. Тады кажуць: “Душы спяваюць ва ўнісон”. А калі сустракаюцца двое творчых людзей, можна гаварыць аб нараджэнні творчага саюза. Многія творы Вольгі Русілкі пакладзены на музыку. А дапамагае вершам набыць меладычнае аздабленне таленавіты віцебскі музыкант, выдатны педагог Надзея Юр’еўна Несцярэнка. На мерапрыемстве гучалі песні і рамансы ў выкананні Ірыны Бабаед, Ліліі Глот і Таццяны Кулаковай.
Пры дапамозе фотапрэзентацыі, якая суправаджалася кароткім аповедам, усе прысутныя перанесліся ў дзіцячую пару паэткі, яе студэнцкія гады і ў цяперашні час. Цёплыя словы віноўніцы ўрачыстасці дарылі старшыня віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Т.І. Краснова-Гусачэнка, калегі Вольгі Іванаўны па паэтычным рамястве Алег Салтук (ён жа аўтар прадмовы да яе апошняга зборніка вершаў “В.І.Р.”), Давід Сімановіч, Уладзімір Папковіч, Сяргей Рублеўскі. Сюрпрызам для В. Русілкі сталі пародыі ў выкананні вядомага сатырыка, гумарыста і аўтара “міранізмаў” Міхася Мірановіча.
Вольга Русілка чытала шмат вершаў як з апошняга зборніка лірыкі, так і з папярэдніх кніг “Табе” і “Ажына”. Вынікам супрацоўніцтва паэтэсы з аддзелам беларускай літаратуры абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна стала стварэнне біябібліяграфічнага паказальніка, прысвечанага 50-годдзю з дня нараджэння Вольгі Русілкі. Гэтае выданне было ўрачыста ўручана ёй намеснікам дырэктара ўстановы культуры Т.М. Адамян.
Тыя, хто завітаў на вечарыну, стварылі сапраўднае свята для яе Гаспадыні – Вольгі Іванаўны Русілкі, падарыўшы святло і цеплыню сваіх сэрцаў і шчырасць слоў і пачуццяў. Напрыканцы сустрэчы прагучаў “Гімн паэзіі і любві”.





































