
Прэзентацыя пераклада “Тарас на Парнасе” Уладзіміра Папковіча
- Details
- Створана 16.03.2008 10:56
Існуюць у беларускай літаратуры творы, якія з годнасцю прадстаўляюць нашу літаратуру ў свеце, з’яўляюцца таксама скарбамі сусветнай літаратуры.
Адзін з такіх твораў – паэма “Тарас на Парнасе”, якая была напісана ў 19 ст. нашым земляком, ураджэнцам Гарадоччыны, Кастусём Вераніцыным.

У гэтым годзе пабачыла свет кніга “Класіка” пад укладаннем Язэпа Янушкевіча, дзе змешчаны п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” і паэма “Тарас на Парнасе”. Адметнасцю гэтага выдання з’яўляецца тое, што класічныя творы беларускай літаратуры выйшлі ў перакладзе на замежныя мовы. Паэма “Тарас на Парнасе” перакладзена на англійскую, балгарскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На намецкую мову пераклад зроблены нашым земляком: паэтам, перакладчыкам, выкладчыкам нямецкай мовы Уладзімірам Папковічам.

Менавіта пра ўсе гэтыя падзеі ішла размова на прэзентацыі выдання, якая адбылася 14 сакавіка ў аддзеле беларускай літаратуры. Уладзімір Антонавіч Папковіч распавядаў пра сваю працу над перакладам знакамітага твора. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт ВДУ імя Машэрава Анатоль Максімавіч Дарафееў расказаў прысутным пра вялікую краязнаўчую працу, пра даследванні, якія вяліся доўгі час, па вызначэнні аўтара “Тараса на Парнасе”. У цудоўным выкананні студэнтаў ВДУ гучалі ўрыўкі з паэмы на беларускай і нямецкай мовах.
Прысутныя выказалі прапанову зрабіць гэты праект брэндам нашага горада, вобласці, пажадалі, каб пераклады “Тараса на Парнасе” выйшлі падарункавым выданнем.


































