
Да юбілею Святланы Алексіевіч
- Details
- Створана 29.05.2008 13:33
31 мая спаўняецца 60 год з дня нараджэння беларускай пісьменніцы, драматурга, публіцыста Святланы Алексіевіч. Да гэтага юбілею ў аддзеле беларускай літаратуры наладжана выстава "ПРАЎДА – ГЭТА ПАМЯЦЬ".
З ахвотай, у вялікім чаканні кнігі Святланы Алексіевіч выдаюць і чытаюць, і перачытваюць у Беларусі і Расіі, ЗША і Швецыі, Германіі і Японіі. У 19 краінах свету ўжо выйшлі творы пісьменніцы. Святлана Алексіевіч аўтар сцэнарыяў 21 дакументальнай стужкі і 3 тэатральных п'ес. Узнагароджана многімі міжнароднымі прэміямі.
Усе кнігі Святланы Алексіевіч пра трагічныя і малавядомыя старонкі нашай гісторыі і нашага жыцця, хроніка-летапіс часу: "У вайны не жаночае аблічча", "Апошнія сведкі", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Чарнобыльская малітва"... І кожны твор вярэдзіць душу, прымушае здрыгануцца, задумацца, не пакідае раўнадушным уважлівага чытача, як саму пісьменніцу не пакідаюць раўнадушнай розныя праявы нашага жыцця. Святлана Алексіевіч імкнецца ўбачыць тое, што было галоўным у жыцці чалавека, і як ён зараз усведамляе і ацэньвае гэта. Вось і апошняя з яе кніг "Чароўны алень вечных ловаў" – пра вечную тэму, якая заўсёды хвалявала і будзе хваляваць людзей, – пра каханне.


































