
Да 5-годдзя са дня смерці Васіля Быкава
- Details
- Створана 17.06.2008 13:33
Зноў чэрвень, месяц, у якім мы часцей, чым заўсёды, успамінаем чалавека, якога на працягу многіх дзесяцігоддзяў лічылі і працягваем лічыць Апосталам нацыі, Гонарам нацыі, Сумленнем нацыі – Васіля Быкава. 19 чэрвеня 1924 года ён нарадзіўся, 22 чэрвеня 2003 года пайшоў з жыцця.
Сёлета спаўняецца 5 год з часу смерці Васіля Быкава, але ўвесь гэты час мы маем магчымасць знаёміцца з яго новымі, не вядомымі раней ні чытачам, ні даследчыкам, творамі. Дзякуючы жонцы пісьменніка – Ірыне Міхайлаўне Быкавай, якая рупліва займаецца вывучэннем рукапісаў В. Быкава, яго літаратурнай спадчынай, зноў з'явіліся на старонках друку новыя быкаўскія апавяданні, прыпавесці, аповесці, успаміны, запісы... Друкуецца перапіска Васіля Быкава з пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі, выходзяць новыя цікавыя літаратуразнаўчыя працы па творчасці пісьменніка.
Але самае галоўнае тое, што творы Васіля Быкава працягваюць цікавіць і хваляваць усё новых і новых неабыякавых чытачоў.
Аддзел беларускай літаратуры прапануе ўвазе карыстальнікаў бібліятэкі выставу, прысвечаную памяці Васіля Быкава, на якой прадстаўлены творы пісьменніка, літаратуразнаўчыя працы, прысвечаныя Быкаву, часопісы з успамінамі і перапіскай В. Быкава.


































