
Да 120-годдзя Максіма Багдановіча
- Details
- Створана 19.12.2011 09:01
15 снежня агульная чытальная зала Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна аб'яднала ўсіх, хто прыйшоў ушанаваць памяць славутага паэта, беларускага Пушкіна, пісьменніка, які па сутнасці адрадзіў беларускую паэзію, удыхнуў у яе свежыя сілы – Максіма Багдановіча, якому 9 снежня споўнілася б 120 год.
Падчас мерапрыемства гучалі вершы класіка беларускай літаратуры ў выкананні вучняў СШ № 40 і № 12 г. Віцебска, песні, пакладзеныя на творы паэта. Вечарыну ўпрыгожыла яркае і запамінальнае выступленне артыстак Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа Наталлі Аладкі і Святланы Жукоўскай. Старшакласнікі СШ № 40 прадэманстравалі цудоўнае валоданне французскай мовай, знаёмячы прысутных з паэзіяй Поля Верлена, перакладам вершаў якога з арыгінала на родную мову займаўся Максім Багдановіч. Пераклады ж, здзейсненыя Багдановічам і прадэкламаваныя школьнікамі, адлюстравалі шматграннасць таленту і надзвычай высокую культуру паэта.
У межах сустрэчы старшыня віцебскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Тамара Краснова-Гусачэнка падвяла вынікі паэтычнага конкурсу "Зорка Венера", аб'яўленага аб'яднаннем ў гонар юбілею Багдановіча сярод жыхароў Віцебшчыны. Прыемным сюрпрызам было тое, што большасць заявак журы атрымала ад самых маленькіх пісьменнікаў – дзяцей 7—14 гадоў, а нечаканым – што адгукнуліся ўдзельнічаць у конкурсе не толькі прадстаўнікі азёрнага краю, але і з іншых мясцін Беларусі. Пераможцы літаратурнага спаборніцтва, якія прыехалі з розных куткоў Прыдзвіння, былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і атрымалі памятныя падарункі. Павіншаваць юных паэтаў і пажадаць ім творчых поспехаў прыйшло шмат знакамітых людзей: паэтка і выкладчыца ВДУ імя П. М. Машэрава Вольга Русілка, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыс Бележэнка і інш.
Напрыканцы ўрачыстасці куратар клуба ЮНЕСКА "Прадслава" Ніна Каўпак і вучань 11 "Г" класа СШ № 45 Цімур Буйко падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі на свята ў Ракуцёўшчыну гэтым летам, правёўшы з дапамогай дэманстрацыі відэазапісу і слайдаў прэзентацыі своеасаблівую анлайн-экскурсію па памятных мясцінах, звязаных з жыццём паэта.










































