
Творчасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі
- Details
- Створана 02.12.2011 13:07
29 лістапада ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму Дню інвалідаў, у абласной бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці інвалідаў аддзялення дзённага прабывання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна г. Віцебска, а таксама праведзена сустрэча з творчым калектывам людзей з абмежаванымі магчымасцямі ПУП "Элект".
На выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Мы жывём на славянскай зямлі" былі прадстаўлены работы, якія выкананы членамі гуртка "Чароўны клубочак" Наталляй Шаўцовай, Арцёмам Кабанавым, Екацярынай Закрэўскай, Ганнай Макей, Віталем Крапошыным, Вячаславам Навуменка пад кіраўніцтвам Галіны Пятроўны Зяньковай.
Уся дзейнасць аддзялення дзённага прабывання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чыгуначнага раёна г. Віцебска ў першую чаргу скіравана на абслугоўванне маладых інвалідаў, прадастаўленне ім магчымасці зносін і самарэалізацыі. На адкрыцці выставы работнікі сацыяльных служб расказалі пра сваю работу і выразілі ўдзячнасць тым арганізацыям, якія прымаюць актыўны ўдзел у дабрачыннасці. Павіншаваць маладых майстроў прыйшлі прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый, мастакі, паэты, сябры і родныя. Гучала музыка ў выкананні навучэнцаў музычнага каледжа імя І. І. Салярцінаскага.
А вечарам у рамках мастацка-эстэтычнага салона "ОЛИ-Art" адбылася сустрэча "Перекресток Судьбы" з творчым калектывам людзей з абмежаванымі магчымасцямі ПУП "Элект" АА "БелТІЗ", дэвізам якой сталі словы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы "Вот мой секрет, он очень прост: зорко одно лишь сердце".
Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пазнаёміцца з прадпрыемствам "Элект" і яго людзьмі, даведацца аб яго працоўных дасягненнях і творчых перамогах, паглядзеўшы фільм, сваральнікамі якога з'яўляюцца Таццяна Туманава (аўтар сцэнарыя), Алег Чарняк (рэжысёр-аператар), Уладзімір Зайцаў (гукарэжысёр).
Своеасаблівым адкрыццём стала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і прадукцыі прадпрыемства, дзе ўдзельнікі змаглі ўбачыць працы, створаныя душой і талентам людзей, якія любяць прыгажосць і ўмеюць яе ствараць.
Падарункам для ўсіх гледачоў сталі таксама выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці ПУП «Элект».
Сустрэча ярка раскрыла магчымасці інвалідаў розных сфер дзейнасці ў пераадоленні фізічных і псіхалагічных бар'ераў, магчымасці адаптацыі і сацыяльнай інтэграцыі ў сучасным грамадстве, а актыўная творчая дзейнасць яшчэ раз даказала, што для чалавека няма мяжы ў рэалізацыі яго жыццёвага патэнцыялу.















































