
Далучанасць да гісторыі
- Details
- Створана 04.10.2011 13:07
9 верасня ў аддзеле беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага празаіка, эсэіста, паэта Сяргея Рублеўскага "Маўчанне на ўвесь Божы свет". Аўтар зазначыў, што працаваў два гады над гэтым выданнем, і тое, што яно пабачыла свет, – свята. Гэтая кніга – пятая па ліку. Ёй папярэднічалі "Апостраф" (2000), "Азярод" (2003), "Абмытыя валуны"(2005) і "Ў", тое, што мы скарацілі" (2009). У нарысе пісьменнік прадэманстраваў сваю неабыякавасць да гістарычных падзей краіны, у прыватнасці, да аднадзённага сталінскага перапісу насельніцтва 1937 года.
На аснове шырокага збору архіўных дакументаў ён раскрывае перадумовы пратэстных паводзін так званых маўчальнікаў – жыхароў 230 двароў Пышнянскага і Стайскага сельсаветаў Лепельскага раёна, якія не жадалі раскрываць сваё веравызнанне. Пра гэтую прыкрую неспадзяванку для ўлады было паведамлена ў Крэмль самому Іосіфу Сталіну. Фактаграфічнае рэчышча аўтар напоўніў пачуццём суперажывання, а сваю далучанасць да агульнага гістарычнага лёсу сялянства замацаваў, у тым ліку, і асацыятыўнай повяззю тагачасных паводзін землякоў з уласным жыццёвым досведам, атрыманым у дзяцінстве.
Падчас стварэння кнігі Сяргею Васільевічу давялося супрацоўнічаць з Дзяржаўнымі архівамі Расіі і Беларусі, дзе ён знаёміўся з асабістымі справамі самых актыўных завадатараў "акцыі". Акрамя гэтага, аўтар сустракаўся з дочкамі ўдзельнікаў тых падзей, занатоўваў іх успаміны. Самыя цёплыя ўражанні засталіся ў сэрцы пісьменніка ад знаёмства з Кацярынай Цітаўнай Міснік, якой ён прысвяціў абразок "Родная і нечужая".
З пачуццём павагі Сяргей Рублеўскі ўспомніў пра аўтара сцэнарыя кінаперадачы "Адваротны разлік" Ірыну Раманаву, супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі, якая паспрыяла набыццю электроннай версіі матэрыялаў, прысвечаных той справе. Асаблівую падзяку гаспадар вечарыны выказаў былому кіраўніку архіўнага падраздзялення КДБ па Віцебскай вобласці Ігару Сядых за садзейнічанне ў раскрыцці "белых плямаў" гісторыі Віцебшчыны. Ігар Анатольевіч перадаў для азнаямлення дзве асабістыя справы лідэраў пратэсту – Іллі Жарнасека і Фёдара Урбана, якіх паглынуў вір сталінскіх лагераў.
Напрыканцы сустрэчы Сяргей Васільевіч прачытаў яшчэ адзін абразок пад назвай "Маўчанне" і распавёў пра свае творчыя планы на будучыню – жаданне выдаць кнігу афарызмаў, занатоўкі пра рыбацкія справы і прадставіць на суд чытачоў перапіску з маці.
Любому аўтару хочацца, каб яго літаратурныя набыткі прабілі сабе дарогу да людзей. Думаецца, што гістарычны нарыс "Маўчанне на ўвесь Божы свет" рупліўца Сяргея Рублеўскага ўжо знайшоў сваіх прыхільнікаў.




































