
«Сёмае неба» Наталлі Лісоўскай
- Details
- Створана 25.10.2011 06:57
21 кастрычніка ў фае бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы мастацкага тэкстылю члена Беларускага саюза мастакоў Наталлі Лісоўскай "Сёмае неба".
Н. С. Лісоўская нарадзілася ў 1958 годзе ў в. Забароўе Віцебскай вобласці. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці. Працавала мастаком на Магілёўскім вытворчым аб'яднанні шаўковых тканін. З 1988 года па сённяшні дзень выкладае на кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. З 1993 года – дацэнт.
Наталля Лісоўская з'яўляецца аўтарам шэрагу навуковых артыкулаў, метадычных дапаможнікаў па пытаннях мастацкага праектавання тэкстыльных вырабаў. Яе работы знаходзяцца ў Мастацкім музеі г. Віцебска, у Арт-цэнтры Марка Шагала, Музеі гісторыі і культуры Наваполацка, прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, ЗША, Германіі.
На выставе прадстаўлена сем работ мастачкі, якія вылучаюцца самабытнасцю беларускага ручнога ткацтва. Наталля Сяргееўна шмат эксперыментуе, дадаючы ў свае работы розныя элементы, напрыклад, шкло, кераміку.
Мастакі і мастацтвазнаўцы, выкладчыкі і студэнты, вучні, якія выступілі на адкрыцці выставы Наталлі Сяргееўны, адзначылі яе незвычайную працавітасць, паслядоўнасць ва ўменні ўвасабляць задуманае.


































