
Свята ў аддзеле дзіцячай літаратуры
- Details
- Створана 21.09.2011 11:36
15 верасня, у рамках правядзення Дня адкрытых дзвярэй, прысвечанага прафесійнаму святу – Дню бібліятэк Беларусі, аддзел дзіцячай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна правёў шэраг святочных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел чытачы аддзела.
У бібліятэцы дзейнічалі кніжныя выставы: "Кнігі – юбіляры 2011 года" (чытальная зала), "Восеньскі лістапад кніжных навінак", "Цуда, імя якому – кніга" (абанемент).
З мэтай папулярызацыі бібліятэкі і залучэння новых чытачоў, развіцця цікавасці да чытання, у аддзеле ўзяла старт акцыя "Запішы сябра ў бібліятэку", у выніку якой у бібліятэку запісаліся больш за 50 чалавек. Усіх новых чытачоў чакалі прызы і падарункі.
Акцыя "Жадаю вам..." з'явілася працягам свята. На далоньках з рознакаляровай паперы дзеці і дарослыя чытачы пісалі свае пажаданні аддзелу дзіцячай літаратуры і ўжо ў сярэдзіне святочнага дня стэнд расквецілі каляровыя далонькі з пажаданні дабра і працвітання бібліятэцы.
Наведвальнікаў у гэты дзень у бібліятэцы было шмат: старэйшая група дзіцячага садка № 14, 2 "В" клас гімназіі № 8, 6 "Б" клас СШ № 25, выхаванцы Вялікалятчанскага дзіцячага дома, жыхары мікрараёна. Чытачам былі прапанаваны экскурсіі па бібліятэцы, урокі бібліятэчных ведаў, віктарыны, конкурсы, а для дзяцей з дзіцячага дома арганізаваны салодкі пачастунак.
Вынікам дня стаў конкурс дзіцячых малюнкаў на асфальце "Бібліятэка: я малюю пачуцці", дзе дзеці выразілі тыя пазітыўныя эмоцыі, якія засталіся ў іх пасля наведвання бібліятэкі.












































