
Вечар памяці М.С. Рыўкина
- Details
- Створана 22.03.2011 05:35
22 сакавіка ў аддзеле беларускай літаратуры адбыўся вечар, прысвечаны памяці знакамітага краязнаўца, вучонага, педагога Міхаіла Сцяпанавіча Рыўкіна, усё жыццё якога непарыўна звязана з Віцебскам.
Мерапрыемства было падрыхтавана вядомым не толькі ў Віцебску, але і далёка за яго межамі краязнаўцам Аркадзіем Міхайлавічам Падліпскім пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў сектара краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі і аддзела беларускай літаратуры.
На вечар памяці былі запрошаны родныя і сябры Міхаіла Сцяпанавіча, яго аднакласнікі, вучні, а таксама ўсе жадаючыя. Шмат добрых слоў было сказана пра гэтага ўнікальнага чалавека, які самааддана раскрываў таямніцы гісторыі роднага горада. Сваімі ўспамінамі пра сумесную работу з Міхаілам Сцяпанавічам падзяліўся Аркадзь Львовіч Шульман, які ў сааўтарстве з М. Рыўкіным, выдадаў 3 кнігі, прысвечаныя жыццю і творчасці Ю. Пэна і тэме Халакоста.
Пра сустрэчы з М.С. Рыўкіным расказаў віцебскі паэт Давід Рыгоравіч Сімановіч і многія іншыя людзі, якія ведалі і любілі Міхаіла Сцяпанавіча.
У зале панавала цёплая, дружалюбная атмасфера. Гучалі вершы пра Віцебск, якія збіраў і захоўваў Міхаіл Сцяпанавіч Рыўкін.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала прэзентацыя кнігі М. Рыўкіна "Краязнаўчыя нарысы і артыкулы", якая была складзена А.М. Падліпскім. У кнігу ўвайшлі работы даследчыка па чатырох раздзелах, якія не выходзілі раней асобнымі выданнямі. Кніга выйшла ў Віцебскай абласной друкарні за кошт грашовых сродкаў родных Міхаіла Рыўкіна. І цяпер кожны, хто пажадае, зможа пазнаёміцца з раней невядомымі работамі гэтага краязнаўца, энтузіяста сваёй справы, які ўнёс каштоўны ўклад у жыццё Віцебска.


































