
Бібліятэчны урок для вучняў гімназіі №7 г. Віцебска, прысвечаны Е. Полацкай
- Details
- Створана 12.03.2011 10:58
У кожнага народа, кожнай нацыі ёсць свае святыя, заступнікі роду і Радзімы, ці, як цяпер кажуць, знакавыя асобы. Такія постаці, як пуцяводныя зоркі ў бяздонным сутарэнні, кіруюць нашым зямным шляхам, дапамагаючы выбраць правільную дарогу ў жыцці.
Якіх людзей называлі святымі? Святыя – гэта настойлівыя, самаахвярныя людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу, умацаванню хрысціянскіх нормаў маралі. Гэта тыя людзі, якія пры сваім жыцці больш за іншых праяўлялі любоў да блізкіх.
Еўфрасіння Полацкая – якраз такая асоба, найярчэйшая зорка нашай мінуўшчыны, якая з цемені стагоддзяў асвятляла і асвятляе дарогу ў будучыню сваім нашчадкам-супляменнікам. Так было ў самыя ліхія часіны нашай гісторыі, калі ставілася пад сумненне само існаванне роду-племені.
У 2011 годзе беларуская грамадскасць адзначае 910-годдзе з дня нараджэння нашай славутай асветніцы. 9 сакавіка супрацоўніцы аддзела беларускай літаратуры Фенчанка Наталля Віктараўна і Собалева Вера Міхайлаўна правялі бібліятэчны ўрок для вучняў 5”Б” класа гімназіі № 7 г. Віцебска, прысвечаны асобе Еўфрасінні – першай жанчыне, што стала Святой на ўсіх усходнеславянскіх землях. Бібліятэкары пазнаёмілі школьнікаў з фактамі біяграфіі ігуменні, з яе дзейнасцю па распаўсюджванні ведаў у Полацкім княстве ў 12 ст., пра яе дабрачыннасць. Пяцікласнікі даведаліся пра асаблівасці перапісвання кніг у скрыпторыях – майстэрнях, створаных пры манастырах. Асабліва ўразіў дзяцей расповед пра паломніцтва Е. Полацкай у Іерусалім, дзе яна і памерла. Перанесціся завочна ў далёкую эпоху вучням дапамаглі кадры электроннай прэзентацыі, якую падрыхтавалі работнікі бібліятэкі.





































