
Літаратурна-музычная сустрэча “Ад класікаў да сучаснікаў”
- Details
- Створана 28.11.2012 16:21
У рамках святкавання 130-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа і 100-гадовага юбілею М. Танка 27 лістапада ў аддзеле перыядычнай літаратуры адбылася сустрэча з беларускім паэтам, эсэістам, празаікам Леанідам Дранько-Майсюком і паэтам, бардам Эдуардам Акуліным.
Да сустрэчы з мінскімі літаратарамі супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібіліяграфіі аформілі выставу "Ад класікаў да сучаснікаў". На мерапрыемства завіталі віцебскія бібліятэкары, студэнты, літаратары, чытачы абласной бібліятэкі. Л. Дранько-Майсюк, аўтар чатырнаццаці выдадзеных кніг, лаўрэат прэміі "Залаты апостраф", чытаў свае вершы з новай "Кнігі для спадарыні Эл" і распавядаў пра свае творчыя стасункі з кампазітарамі І. Лучанком і У. Мулявіным, пісьменніцай Л. Абухавай і ансамблем "Сябры". Яго выступленне ўдала дапаўняў Э. Акулін, які выконваў свае аўтарскія песні пад гітару. Разам з бардам усе прысутныя праспявалі песню, прысвечаную Я. Купалу. На працягу ўсёй сустрэчы гаварылася аб значным укладзе Я. Купалы і Я. Коласа ў станаўленне і развіццё беларускай літаратуры. Літаратурная сустрэча была цікавай, пазнавальнай, запамінальнай для ўсіх прыхільнікаў мастацкага слова.







































