
Прэзентацыя кніг С. В. Рублеўскага
- Details
- Створана 12.12.2012 15:27
11 снежня ў абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя кніг вядомага пісьменніка і публіцыста, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама – начальніка па архівах і справаводстве Сяргея Васільевіча Рублеўскага «Святло лускі: кніга для тых, хто любіць лавіць рыбу ўсім сэрцам» і «Паспець надыхацца».
Да гэтай сустрэчы супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі падрыхтавалі выставу, на якой былі прадстаўлены 7 выдадзеных кніжак аўтара, артыкулы пра яго творчасць.
С. Рублеўскі адразу захапіў сваім расказам аўдыторыю, якую складалі чытачы, бібліятэкары, журналісты, віцебскія пісьменнікі і мастакі, многія з якіх – даўнія і шчырыя сябры Сяргея Васільевіча. Ён успомніў сваё вясковае маленства, вучобу ў школе і інстытуце, журналісцкую дзейнасць, якой прысвяціў 30 гадоў, першыя крокі ў літаратурнай творчасці. Вельмі цікава распавядаў пра сваё захапленне рыбнай лоўляй, пра стварэнне кнігі "Святло лускі" і яе афармленне віцебскім мастаком Б. Лалыкам. Удзельнікі прэзентацыі мелі магчымасць пазнаёміцца з карцінамі мастака, на якіх адлюстравана тэхніка завязвання рыбацкіх вузлоў. Напрыканцы пісьменнік прачытаў невялікі твор «Шкіпінар», які яшчэ не друкаваўся і вельмі спадабаўся ўсім прысутным.
Дырэктар абласной бібліятэкі А. І. Сёмкін зачытаў прывітальнае пасланне ад віцебскага паэта Давіда Сімановіча і выказаў удзячнасць С. Рублеўскаму за яго выступленне. Прыхільнікі творчасці пісьменніка атрымалі новыя кнігі з аўтографам аўтара.





































