
Літаратурная сустрэча з М. Намеснікавым «Паэт, улюбёны ў гісторыю»
- Details
- Створана 17.12.2012 16:10
15 снежня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адбылася літаратурная сустрэча з паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніком секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Мікалаем Уладзіміравічам Намеснікавым.
На мерапрыемстве прысутнічалі тыя, хто ўсёй душой любіць і цэніць паэтычнае слова: паэты, мастакі, музыканты, бібліятэкары, педагогі і многія іншыя. Для іх супрацоўнікамі аддзела краязнаўства была падрыхтавана выстава «Любую душу поспешу согреть...», прысвечаная жыццю і творчасці М. У. Намеснікава.
Распачала літаратурную сустрэчу старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», паэтэса Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка. Яна павіншавала Мікалая Уладзіміравіча з юбілеем і ўручыла Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і некалькі часопісаў з нізкамі яго вершаў. Таксама павіншаваць юбіляра прыйшлі яго аднакласнік Ігар Пярэднеў, выкладчык кафедры літаратуры ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іван Людвігавіч Лапін, паэт, старшыня народнага літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне» Мікалай Якаўлевіч Балдоўскі, паэтэса, перакладчык, рэдактар гэтага літаратурнага аб'яднання Галіна Пятроўна Загурская, сям'я паэтэсы Маіны Максімаўны Бабарыкі на чале з яе мужам, вядомым мастаком Феліксам Міхайлавічам Кузняцовым, музыканты Аляксандр Сувораў і Міхаіл Рубін, дырэктар Віцебскай гарадской сеткі публічных бібліятэк Галіна Георгіеўна Данілава. Шмат цёплых, добрых, шчырых слоў прагучала ў адрас юбіляра.
Мікалай Уладзіміравіч успамінаў шчаслівыя моманты свайго дзяцінства і юнацкіх гадоў, чытаў вершы з кніг «Забытые небеса», «На распутьях ветров и дорог», «Листопад исповедальный». Апагеем сустрэчы стала чытанне аўтарам вершаў са сваёй будучай кнігі пад рабочай назваю «Крэсы», у якіх ён паказвае жыццё ва ўсёй яго складанасці і шматграннасці.
Напрыканцы мерапрыемства юбіляру былі ўручаны кветкі і буклет, які быў падрыхтаваны супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі і прысвечаны жыццю і творчасці паэта.







































