
Выстава фатаграфій І. А. Барсукова
- Details
- Створана 21.01.2013 15:21
17 студзеня ў фае бібліятэкі адкрылася персанальная выстава фатаграфій члена Саюза дызайнераў Беларусі Ігара Аляксеевіча Барсукова.
У экспазіцыі фотамастак прадставіў 19 работ, створаных у розныя гады. Гэта гарадскія пейзажы, архітэктура Віцебска, партрэты. Як адзначыў мастацтвазнавец М. Л. Цыбульскі: "Фатаграфіі Ігара Барсукова — гэта арт-аб'екты свайго часу, своеасаблівая мастацкая дакументалістыка з падкрэсленай аўтарскай акцэнтуацыяй сэнсаў. Асаблівая рыса яго фатаграфій – іронія, якая часам стварае ў яго работах няўлоўны, метафізічны кантэкст, які адлюстроўвае жыццёвую пазіцыю і погляды мастака на пэўныя рэчы". Ігар Аляксеевіч падараваў бібліятэцы аўтарскі альбом "Ігар Барсукоў. Фатаграфіі: 1964–2011 гг.".
І. А. Барсукоў фатаграфіяй займаецца з 14 гадоў. Удзельнік выстаў у Расіі, Украіне, Літве, Эстоніі, Балгарыі, Польшчы, Германіі, Швецыі, персанальных выстаў у Віцебску, Мінску. У 1989 г. узнагароджаны дыпломам "За значны ўклад у развіццё фатаграфіі, навукі, мастацтва і журналістыкі" Міністэрства культуры СССР, Галоўнага архіва СССР, Саюза Журналістаў СССР.
Больш падрабязна з творчасцю І. А. Барсукова можна пазнаёміцца на выставе ў аддзеле літаратуры па мастацтве, на якой прадстаўлены матэрыялы з фонду бібліятэкі і асабістага фонду фотамастака, які знаходзіцца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.


































