
Прэзентацыя біябібліяграфічнага паказальніка «Герои 1812-го: ратные подвиги на Витебщине»
- Details
- Створана 08.05.2013 13:14
6 мая ў агульнай чытальнай зале адбылася прэзентацыя біябібліяграфічнага паказальніка «Герои 1812-го: ратные подвиги на Витебщине», падрыхтаванага да 200-годдзя перамогі ў Айчыннай вайне 1812 года.
Складальнікамі дадзенага выдання выступілі загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Анжаліка Віктараўна Ганчарова і галоўны бібліёграф аддзела Надзея Іванаўна Кастунова, рэдактарам – загадчык аддзела бібліятэказнаўства Вольга Макараўна Нявейкава. Мэтай сваёй работы яны ставілі выяўленне імён герояў, якія ваявалі на тэрыторыі Віцебскай губерні і ў населеных пунктах, якія зараз уваходзяць у склад Віцебскай вобласці. Выданне з'явілася першай спробай у Рэспубліцы Беларусь сабраць і сістэматызаваць інфармацыю пра ўдзельнікаў Айчыннай вайны 1812 года на Віцебшчыне і ўключыла звесткі пра 1030 персаналій ад вышэйшага каманднага саставу да прыгонных сялян і гараджан. Складальнікі і рэдактар расказалі ўдзельнікам мерапрыемства пра тое, як вялася работа па выяўленні інфармацыі і падрыхтоўцы паказальніка, пазнаёмілі з падзеямі вайны 1812 года і подзвігамі адважных сыноў Айчыны.
У прэзентыцыі прынялі ўдзел віцебскія краязнаўцы Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі, які аказаў кансультатыўную дапамогу складальнікам пры рабоце над кнігай, і Аркадзь Міхайлавіч Падліпскі. Яны асвятлілі некаторыя цікавыя малавядомыя факты з летапісу бітваў і знаходжання Напалеона ў 1812 годзе на Віцебшчыне і высока ацанілі біябібліяграфічны паказальнік.
На мерапрыемстве прысутнічалі супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, работнікі музеяў, журналісты, краязнаўцы, педагогі, бібліятэкары. Яны мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй ваенна-гістарычнай мініяцюры, створанай дацэнтам кафедры дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі мастацка-графічнага факультэта УА «ВДУ імя П. М. Машэрава» Ігарам Васільевічам Гарбуновым, а таксама экспанатамі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея пра вайну 1812 года. Да прэзентацыі супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана разгорнутая выстава «Герои 1812-го: ратные подвиги на Витебщине», на якой былі прадстаўлены не толькі сучасныя выданні, але і рэдкія кнігі канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў.
Прыемным завяршэннем вечара стала выступленне дырэктара ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» Аляксандра Іосіфавіча Сёмкіна, які павіншаваў калектыў з выхадам кнігі і падараваў прадстаўнікам бібліятэк горада Віцебска, краязнаўцам, архівістам аптычныя дыскі з электроннай версіяй біябібліяграфічнага паказальніка.
Читайце пра нас на сайце memorandum.ru.
Читайце пра нас у СМІ:
1. Иванова, Г. Компас в мире информации / Г. Иванова // Народнае слова. — 2013. — 21 мая. — С. 7.
2. Сеньков, В. Реальные герои великой войны / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. — 2013. — 28 мая. — С. 2.


































