
Персанальная выставка жывапісу Нэлі Сарокінай «Любыя сэрцу прасторы»
- Details
- Створана 11.06.2013 08:26
6 чэрвеня ў абласной бібліятэцы адбылося адкрыццё персанальнай выставы жывапісу Нэлі Мартынаўны Сарокінай «Любыя сэрцу прасторы». Выпускніца Віцебскага мастацкага вучылішча (1957 г.) і мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава (1966 г.) прадставіла на выставе больш за 30 работ – пейзажы і нацюрморты. Лірычныя, каларытныя карціны, прыгажосць і разнастайнасць прыроды Віцебска, глыбокі колер палотнаў не пакідаюць абыякавымі гледача. Павіншаваць мастачку з такой значнай падзеяй прыйшлі калегі, педагогі і студэнты Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа, у якім Нэлі Мартынаўна працавала выкладчыкам больш за 20 гадоў.
Нэлі Сарокіна нарадзілася 24 снежня 1937 года ў г. Віцебску. У час вайны разам з роднымі знаходзілася ў акупацыі, а пазней была вывезена ў Германію, з'яўляючыся малалетнім вязнем, прайшла тры лагеры. У 1945 г. з сям'ёй вярнулася ў Віцебск, скончыла СШ № 9.
У перыяд з 1953–1957 гг. вучылася ў Віцебскім мастацкім педагагічным вучылішчы, дзе сярод выкладчыкаў па малюнку і жывапісу былі І. Сталяроў, У. Смерадзінскі, В. Дзежыц, С. Далматаў, Г. Клікушын, Д. Генеральніцкі. Па заканчэнні працавала па размеркаванні ў м. Сноў Мінскай вобласці. У 1971 г. вучылася на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. З 1971 г. па 1978 г. працавала ў Віцебскай школе-інтэрнаце. У 1978 г. перайшла на працу ў адкрыты ў Віцебску індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, дзе выкладала гісторыю мастацтва, малюнак, жывапіс, чарчэнне. З сярэдзіны 1990-х гг. пачала актыўна займацца творчасцю, працуючы ў тэхніцы гуашавага жывапісу.


































