Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Материалы

Горад майстроў, кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў. Віцебск, г.

У 90-я гады XX ст. паспяхова адбываецца замена выставачнай формы прэзентацыі народнага мастацтва кірмашовай. Вялікую папулярнасць атрымалі розныя тэатралізавана-масавыя відовішчы, для якіх найлепшым афармленнем стаў кірмаш народных рамёстваў. Гандаль вырабамі народнага мастацтва дазволіў доўгі час утрымліваць тысячы людзей на плошчы, ды і сам кірмаш стаў досыць відовішчным мерапрыемствам. З 1987 года зацвердзілася традыцыя правядзення абласных кірмашоў народнага мастацтва. Тады была арганізавана выстава-продаж падчас правядзення I рэспубліканскага свята «Звіняць цымбалы і гармонік» на Пастаўшчыне, якая атрымала шырокую агалоску ў сродках масавай інфармацыі. У выніку ўсе наступныя міжнародныя фестывалі польскай песні ў Віцебску, а неўзабаве і Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» сталі суправаджацца кірмашамі рамёстваў. Склаўся комплекс мерапрыемстваў пад назвай «Горад майстроў», у праграму якога ўвайшлі: свята фальклору, свята нацыянальнай кухні, свята нацыянальных гульняў, цыркавыя паказы, кірмаш рамёстваў і многае іншае.

Упершыню кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў у Віцебску прайшоў у 1993 годзе ў рамках Міжнароднага музычнага фестывалю «Славянскі базар». 70 народных майстроў Прыдзвінскага краю прыехалі ў Віцебск для ўдзелу ў кірмашы. З 1997 года ў «Горадзе майстроў» з'явіліся тры падворкі – беларускі, украінскі і рускі, дзе ў цэнтры былі пабудаваны канцэртныя пляцоўкі, а вакол размясціліся гандлёвыя рады і палаткі розных творчых аб'яднанняў, дамоў рамёстваў, клубаў майстроў і проста майстроў. Паступова «Горад майстроў» стаў традыцыйнай з'явай у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Гэта прывяло да пераарыентацыі аўтараў з распрацоўкі рэчаў арыгінальных, выставачных да вытворчасці ўтылітарных і сувенірных. Народны майстар атрымаў магчымасць без пасрэднікаў рэалізоўваць свой тавар, вывучаць густ і запыты насельніцтва, знаёміцца з вопытам іншых майстроў. У выніку адрадзіліся такія рамёствы, як саломапляценне, лозапляценне, мастацкая апрацоўка бяросты, вытворчасць мэблі, кавальская справа і інш.

Традыцыйна «Горад мастроў» у Віцебску збірае каля 250 народных творцаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы і Латвіі. У 2021 годзе ўпершыню свае вырабы прадставілі майстры з Дагестана. Кірмаш праходзіць на вуліцах Талстога і Пушкіна, дзе прадстаўлены жыхарам і гасцям горада ўсе традыцыйныя віды рамёстваў – ганчарства, лозапляценне, вышыўка, валянне і многае іншае. Асабліва цікавымі заўсёды выглядаюць украінскія рамесніцкія рады. Тут прадстаўлены разнастайныя вышыванкі і абручыкі, вяночкі, упрыгожаныя кветкамі. Прывабліваюць аксесуары са скуры і тэкстылю майстрыц з Вялікага Ноўгарада, драўляныя цацкі майстроў з Магілёўскай вобласці. Усе вырабы – гэта ручная работа. Беларускія майстры заўсёды выкарыстоўваюць прыродны матэрыял: кошыкі з бяросты ды сасновых планак, гліняны посуд, гліняныя свісцёлкі, саламяныя капелюшы, керамічныя сувеніры і інш. Таксама прадстаўлены калекцыі тканых паясоў і абярэгаў. Пастаяннымі ўдзельнікамі кірмашу з'яўляюцца: Пётр Ціценка з Лепеля, Тамара Мацулевіч і Аляксандр Крол з Бешанковіцкага раёна, Людміла Каралькова з Тулава, Святлана Заіка з Шаркаўшчынскага раёна, Таццяна Петух з Паставаў, Святлана Півульская з Ушачаў, Святлана Шыцько з Талачына, Ларыса Жыльцова з Віцебска, Наталля Сцержанкова з Шуміліна, Валянціна Грыбоўская з Сянна і інш. У рамках «Горада майстроў» праводзяцца конкурсы. Напрыклад, па лапікавай тэхніцы «Віцебская мазаіка», па выцінанцы «Карункавыя мары», па традыцыйнай свісцёлцы «Салавейка», па саломапляценні «Папараць-кветка» і інш.

Рамесніцкія гандлёвыя рады заўсёды прывабліваюць сваім музычна-танцавальным суправаджэннем. Тут выступаюць самадзейныя артысты. На плошчы Свабоды ў фестывальныя дні змяняюць адзін аднаго падворкі раёнаў і гарадоў Віцебшчыны, якія прадстаўляюць свае брэнды, кулінарнае майстэрства, усю народную творчасць, у тым ліку і песенную. Па ініцыятыве Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці таксама рэалізуецца праект «Беларуская гасціннасць» – раёны вобласці па чарзе прэзентуюць нацыянальную кухню, свае брэндавыя мерапрыемствы, нематэрыяльныя каштоўнасці Віцебшчыны.

«Горад майстроў» – гэта адзін з праектаў, які стаў традыцыяй «Славянскага базару» і прываблівае жыхароў і гасцей горада сваёй дзіўнай атмасферай творчасці.

 

Кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў «Горад майстроў» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Фота з сайта https://www.vitbichi.by/Кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў «Горад майстроў» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Фота з сайта https://www.vitbichi.by/Кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў «Горад майстроў» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Фота з сайта http://www.chyrvonka.by/Сувенірная прадукцыя майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на кірмашы народных рамёстваў і мастацтваў «Горад майстроў» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Фота з сайта http://www.chyrvonka.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Алимова, Е. В поисках эксклюзива / Е. Алимова // Витебские вести. – 2016. – 21 июля. – С. 22.

2. Алимова, Е. Увлечение стало профессией / Е. Алимова // Витебские вести. – 2017. – 15 июля. – С. 11.

3. Князева, Е. Ярмарка мастеров: от литовских драников до кованого дракона / Е. Князева // Витебские вести. – 2013. – 18 июля. – С. 15.

4. Мурашкіна, В. Да творцаў завіталі ды дзівосы разглядалі / В. Мурашкіна // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 20 июля. – С. 7.

5. Мурашкіна, В. З глыбінь жыватворных / В. Мурашкіна // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 19 июля. – С. III.

6. Пастернак, Т. С. Полутораметровый паук и трели на свистульках / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2019. – 8 июня. – С. 12.

7. Пукшанскі, А. Наваселле горада майстроў / А. Пукшанскі // Звязда. – 2008. – 22 ліп. – С. 4.

8. Русланова, Н. Васильковое творчество / Н. Русланова // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2021. – 17 ліп. – С. 4.

9. Самотой, А. За эксклюзивом – в «Город мастеров» / А. Самотой // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 23 июля. – С. 4–5.

10. Сеньков, В. Истоков наших лучший образец / В. Сеньков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2011. – 14 июля. – С. III.

11. Фёдорова, Е. Hand made ценят везде / Е. Фёдорова // Витебские вести. – 2021. – 16 июля. – С. 14.

12. Фёдорова, Е. Эксклюзив от ремесленников / Е. Фёдорова // Витебские вести. – 2018. – 14 июля. – С. 16.

13. Фондаренко, Н. Город мастеров меняет прописку / Н. Фондаренко // Віцебскі рабочы. – 2008. – 19 чэрв. – С. 15.

14. Широкова, С. Творческие идеи в копилку умельцев / С. Широкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 5 авг. – С. VII. – (Прил.: Вечерний Витебск).

 

СПАСЫЛКІ

Славянский базар-2021. Открытие «Города мастеров»