Материалы
Клуб народны літаратурны «ЛітКафейнік». Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 16.12.2021 11:13
- Адноўлена 16.12.2021 11:13
Народны літаратурны клуб «ЛітКафейнік» дзейнічае на базе культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"». Дзейнасць яго пачыналася як адкрытае творчае аб'яднанне літаратараў горада. З сакавіка 2015 года пасяджэнні клуба «ЛітКафейнік» праходзяць рэгулярна ў цэнтры горада ва ўтульнай атмасферы невялікага кафэ. Асноўная мэта літаратурнага клуба – знаёмства жыхароў горада з сучаснай літаратурай, з пісьменнікамі-сучаснікамі. Праграма мерапрыемстваў складаецца з сучаснай паэзіі, прозы, гумару, жывой музыкі. За кубачкам кавы можна займець новыя знаёмствы, атрымаць асалоду ад творчых сюрпрызаў і інш. Члены клуба рэгулярна сустракаюцца, дыскутуюць, чытаюць свае творы і абмяркоўваюць іх.
За значны ўклад у развіццё аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, адпаведны культурны ўзровень і творчыя паказчыкі 19 лістапада 2020 года літаратурнаму клубу «ЛітКафейнік» прысвоена званне «народны».
Удзельнікамі клуба з'яўляюцца 19 чалавек. Гэта як вядомыя, так і маладыя паэты і выканаўцы горада Віцебска. Сярод іх: Леў Палыкоўскі, Тамара Кавалёва, Васіль Калтуноў, Юлія Панамарэнка, Алег Сяшко, Людміла Дунец, Алена Крыклівец, Вольга Мацкевіч, Наталля Салаўёва, Таццяна Палякова, Валянціна Шырынава, Лідзія Шышко, Васіль Мельнікаў, Алена Шчупак, Алена Бабарыка і інш. На іх рахунку шмат публікацый у беларускіх і замежных перыядычных выданнях, за апошнія тры гады яны выпусцілі 8 кніг, сталі лаўрэатамі літаратурных конкурсаў, правялі шэраг сустрэч з чытачамі. Так, у 2021 годзе члены народнага літаратурнага клуба «ЛітКафейнік» прымалі актыўны ўдзел у IV літаратурным фестывалі «Цэнтр Еўропы», які праходзіў у Полацку. Тамара Кавалёва заняла 1-е месца ў намінацыі «Паэзія», 2-е месца ў намінацыі «Паэзія» на прыз сімпатый гледачоў. Лідзія Шышко перамагла ў конкурсе «Паэт-артыст», заняла 2-е месца ў намінацыі «Адзінства. Згуртаванасць. Сяброўства народаў» на прыз сімпатый гледачоў, 2-е месца ў намінацыі «Малая проза» на прыз сімпатый гледачоў. Людміла Дунец атрымала 1-е месца ў намінацыі «Мовай Я. Купалы і Я. Коласа» і інш.
Літаратурны клуб таксама праводзіць вялікую работу па захаванні памяці паэтаў і пісьменнікаў – нашых ураджэнцаў. Сумесна з абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна, музеем Марка Шагала, кафедрай літаратуры ВДУ імя П. М. Машэрава выступае арганізатарам мерапрыемстваў, прысвечаных паэту Давіду Сімановічу, мастаку і паэту Алегу Прусаву, літаратурна-адукацыйных праектаў «Шматкроп'е», «Камера-абскура». Дзякуючы членам клуба і іх аднадумцам, на фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і на фестывалі «Віцебскі лістапад» гучаць вершы паэтаў Беларусі і Расіі, часта ў выкананні аўтараў.
Мастацкі кіраўнік – Алег Сяшко.
ЛІТАРАТУРА
1. Волкова, Л. Моряк в седле / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 18 апр. – С. 8.
2. Ширкевич, И. Дебют поэтессы / И. Ширкевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 9 февр. – С. V.
СПАСЫЛКІ
Народны літаратурны клуб «ЛітКафейнік»
Старонка народнага літаратурнага клуба «ЛітКафейнік» УКантакце